Мэр Вільні просіць у Беларусі доступ да маніторынгу асяроддзя з БелАЭС
Мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус звярнуўся да новапрызначанага беларускага амбасадара Валерыя Бараноўскага. Шымашус папрасіў у яго даць магчымасць атрымліваць наўпрост з Беларускай АЭС даныя маніторынгу навакольнага асяроддзя, піша ru.delfi.lt.
"Пасол спрабаваў расказваць, што ўсё з ёй добра. Я выразна інфармаваў, што нам натуральным чынам не хапае даверу, ці сапраўды там усё добра. Я інфармаваў пасла, што калі ўжо яны рыхтуюцца ўвесці гэтую атамную станцыю ў эксплуатацыю, з чым мы зусім не згодныя, то мы б хацелі бачыць прыродаахоўныя даныя онлайн, пастаянна, на месцы, а не праз нейкую сістэму інфармавання", — заявіў віленскі мэр.
Ён падкрэсліў, што ў Літве пакуль няма даверу да беларускай інфармацыі па АЭС і атрымаць яго можна толькі праз поўнае раскрыццё інфармацыі.
Таксама Шымашус паведаміў дыпламату, што Літва хоча падтрымліваць суседскія адносіны "і што вельмі б хацелася, каб Беларусь была самастойнай краінай, а не сатэлітам Расіі".
Паміж сталіцамі Беларусі і Літвы каля 20 гадоў таму была падпісаная дамова аб супрацоўніцтве. Але, кажа віленскі мэр, на сёння ніякай супрацы няма. Сам Шымашус абвешчаны персонай нон грата ў Расіі, таму ён не ведае, ці можа прыехаць у Беларусь: у нашу краіну забаронены ўезд асобам, якія знаходзяцца ў расійскім "чорным спісе".
Літва лічыць, што будаўніцтва БелАЭС за 50 км ад Вільні парушае патрабаванні бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя. Беларусь адмаўляе гэтыя прэтэнзіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.