Меркаваныя забойцы прэзідэнта Гаіці затрыманыя
Паліцыя ля рэзідэнцыі забітага прэзідэнта Гаіці Жавянэля Маіза / Reuters
Нацыянальная паліцыя Гаіці затрымала меркаваных забойцаў прэзідэнта краіны Жавянэля Маіза, паведаміў дзяржсакратар краіны Франц Экзанцюс у Twitter.
Пазней у эфіры мясцовага тэлебачання кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Гаіці Леон Шарль удакладніў, што затрыманыя два чалавекі. Яшчэ чацвёра наймітаў, якія маюць дачыненне да забойства Маіза, былі ліквідаваныя, паведамляе ТАСС. В. а. прэм'ер-міністра краіны Клод Жазэф распавёў, што частка наймітаў, якія ўчынілі напад, гаварыла па-ангельску і па-іспанску.
Прэзідэнта Гаіці Жавянэля Маіза забілі ў ноч на сераду — невядомыя ўварваліся ў яго рэзідэнцыю і адкрылі стральбу. Прэзідэнт атрымаў смяротнае раненне, раненні атрымала і яго жонка Марцін Маіз. Яе даставілі ў адну з амерыканскіх клінік у штаце Фларыда. Паводле звестак тэлекампаніі ABC, лекары ацэньваюць яе стан як крытычны, але стабільны. У Маіз агнястрэльныя раненні ў руку і сцягно.
Пасля гібелі прэзідэнта ў краіне было ўведзена ваеннае становішча на 15 дзён. В. а. прэм'ер-міністра краіны Жазэф запэўніў, што "сітуацыя ў галіне бяспекі ў краіне знаходзіцца пад кантролем".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.