Мезенцаў: Лукашэнка прыняў прапанову Пуціна

Мезенцаў: Лукашэнка прыняў прапанову Пуціна

Аляксандр Лукашэнка прыняў прапанову Уладзіміра Пуціна. Беларускі кіраўнік плануе паўдзельнічаць у святкаванні Дня Перамогі 9 траўня 2020-га ў Маскве. Пра гэта ria.ru распавёў расійскі пасол у нашай краіне Дзмітрый Мезенцаў.

"Мы ведаем пра тое, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка прыняў запрашэнне прэзідэнта Расіі... прыняць удзел ва ўрачыстасцях на Чырвонай плошчы...", — сказаў Мезенцаў.

Пра тое, што Пуцін запрасіў Лукашэнку той жа Мезенцаў паведаміў яшчэ ў пачатку жніўня 2019-га. Сёлета святкаванне Дня Перамогі над нацызмам будзе юбілейнае — 75-я ўгодкі. Звычайна Аляксандр Лукашэнка святкуе Дзень Перамогі ў Беларусі.

У 2015-м Лукашэнка падчас рэспубліканскага суботніка заявіў, што не паедзе ў Маскву 9 траўня, а будзе святкаваць у Мінску. Ён патлумачыў, што прымаць ваенны парад можа толькі галоўнакамандуючы, якім з'яўляецца ён. З-за гэтага яго крытыкавалі расійскія СМІ, але Крэмль, нібыта, не пакрыўдзіўся.

Летась ён заявіў, што беларусы яго проста не зразумелі б, каб ён паехаў у Расію, а не ўдзельнічаў у мерапрыемствах у нашай краіне. Да таго ж, заявіў кіраўнік дзяржавы, у Маскву яго тады не запрашалі. Можна меркаваць, што Лукашэнка патлумачыць беларусам, чаму будзе адсутнічаць на святкаванні ў Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі