Міхалевіч: Я вельмі хачу вярнуцца ў Беларусь, але не хачу сядзець у турме
Ці спыняць супраць палітыка крымінальную справу, следчыя вырашаць пасля “яго яўкі ў следчае падраздзяленне”.
Такі адказ атрымаў палітуцякач, экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч са Следчага камітэта ў адказ на сваё хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы, распачатай у адносінах да яго.
Міхалевіч: “У мяне не было вялікіх спадзяванняў на тое, што нешта станоўчае здарыцца, але адвакаты — гэта такія людзі, якія звычайна праходзяць усе юрыдычныя інстанцыя. Паколькі я маю ў любы момант падаць хадайніцтва аб спыненні справы — я яго падаў. І атрымаў адмову, што яны не могуць гэтага зрабіць, пакуль я не з’яўлюся ў Беларусь”.
Але прыязджаць у Беларусь палітык пакуль не збіраецца. Па яго словах, пакуль справа не зачынена, гэта для яго небяспечна. У адваротным выпадку, сцвярджае Міхалевіч, ад вяртання яго не стрымаюць ні распачаты за мяжой бізнес, ні слабыя надзеі на станоўчы працяг палітычнай кар’еры на радзіме.
Нагадаем, Алесь Міхалевіч, як і большасць іншых кандыдатаў у прэзідэнты, быў затрыманы ў ноч на 20 снежня 2010 года. Праз месяц са следчага ізалятара КДБ яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, а праз некалькі дзён ён арганізаваў прэс-канферэнцыю, на якой распавёў пра катаванні ў СІЗА. У сакавіку Міхалевіч таемна выехаў з Беларусі і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Ужо за мяжой Міхалевіча некалькі разоў затрымлівалі як асобу, абвешчаную ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола.
Фота з сацыяльных сетак