Міхаіла Міхадзюка, якога судзяць за хабарніцтва, могуць часткова амніставаць

Міхаіл Міхадзюк

Міхаіл Міхадзюк / bntu.by

Былога намесніка міністра энергетыкі Беларусі Міхаіла Міхадзюка хочуць пакараць за карупцыю 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, вялікім штрафам (40 тысяч рублёў) і пазбаўленнем на 5 гадоў права займаць пасады, "звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў". З 20 жніўня яго справу разглядае суд Ленінскага раёна Мінска. У сувязі з амністыяй дзяржабвінаваўца прапанаваў вызваліць Міхадзюка часткова ад пакарання тэрмінам на 1 год у выглядзе пазбаўлення волі. Прысуд агучаць 5 верасня.

Міхаіл Міхадзюк быў намеснікам міністра энергетыкі з 2005 года, курыраваў БелАЭС. Напрыканцы 2023-га яго звольнілі, а ў студзені 2024 года пачалі крымінальную справу. На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 14 чэрвеня сёлета аб'явілі, што экс-чыноўнік знаходзіцца ў СІЗА. Яго злавілі на атрыманні хабару "за забеспячэнне ўдзелу камерцыйнай кампаніі ў будаўніцтве высакавольтных падстанцый на тэрыторыі Беларусі". Па словах Лукашэнкі, гэта былі дзясяткі тысяч долараў. У судзе было агучана, што ў 2018-2023 гадах тагачасны намеснік міністра атрымаў агулам 35 тысяч еўра, а таксама пэўную суму ў сербскіх дынарах, "два квіткі" на вячэру ў рэстаране сербскай кухні, турыстычную паездку на сербскі гарналыжны курорт. Міхадзюк сваю віну цалкам прызнаў.

Як стала вядома, з абвінавачвання выключаныя ўсе эпізоды атрымання хабараў на тэрыторыі Сербіі ў 2018-2019 гадах. У абвінавачыванні застаўся хабар у асабліва буйным памеры, атрыманы Міхадзюком у 2022-2023 гадах ад прадстаўніка кампаніі RIKO — 35 тысяч еўра. Частку гэтых сродкаў ён абмяняў на беларускія рублі і выдаткаваў на ўласныя патрэбы, у тым ліку на лячэнне сваё і сястры, а таксама рэканструкцыю і рамонт бацькоўскага дома ў Асіповіцкім раёне. У судзе было паведамлена, што "даход, атрыманы злачынным шляхам", Міхаіл Міхадзюк кампенсаваў, а 5 тысяч рублёў перадаў у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

RIKO — славенская кампанія. Яе ўладальнік Янэз Шкрабец быў ганаровым консулам Беларусі ў Славеніі. Ён казаў, што Беларусь — “выдатная краіна для інвестыцый”, адмаўляў парушэнні правоў чалавека і нахвальваў рэжым нават пасля 2020-га. Яго кампанія тым часам удзельнічала ў буйных праектах. Ці працягне яна працаваць у Беларусі, пакуль невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі