Міліцыя адказвае Леўчанка: на Акрэсціна — туалет, бялізна. Ніхто не скардзіўся
У ГУУС Мінгарвыканкама адказалі на словы баскетбалісткі Алены Леўчанка пра нечалавечыя ўмовы, у якіх яна адбывала адміністрацыйны арышт у ізалятары.
"Паведамляем, што на самой справе спартсменка перабольшвае сітуацыю з нагоды ўтрымання на Акрэсціна, — пракемантаваў kp.by Раман Лашкевіч, прэс-афіцэр ГУУС Мінгарвыканкама. — Для ўсіх затрыманых прадугледжанае трохразовае харчаванне, вада, туалет, пасцельная бялізна, туалетная папера, мыла. Некаторыя журналісты былі там, І ніхто не скардзіўся".
Леўчанка распавядае, што матрац і бялізну ў яе канфіскавалі. "Няма гарачай вады. Не вадзілі ў душ апошнія 13 дзён. Адключылі зліў у прыбіральні. Гэта рассаднік бактэрый. Аднойчы не вадзілі гуляць 5 дзён. З'явіліся вошы. Усё падрывае маё здароўе. І ўяўляе пагрозу яму", — распавяла яна.
Пра адсутнасць у камерах матрацаў распавядалі таксама людзі, якія сядзелі ў мінскім ізалятары ўлетку. У прыватнасці, па словах сакамернікаў, без матраца — на голых дошках, падклаўшы пад галаву бутэльку з вадой, — спаў у ізалятары палітвязень Павел Севярынец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.