Публічны недавер кіраўніку БФСС Апейкіну выказалі вядомыя спартоўцы

Аляксандр Апейкін

Аляксандр Апейкін

Вотум недаверу Беларускаму фонду спартыўнай салідарнасці (BSSF) і ягонаму цяперашняму кіраўніку Аляксандру Апейкіну выказалі вядомыя прадстаўнікі беларускага спорту. У ліку падпісантаў заявы — Аляксандра Герасіменя, Алена Леўчанка, Алег Дулуб, Вольга Мазуронак, Сцяпан Папоў і многія іншыя. Агулам там стаяць 38 подпісаў.

Падпісанты заявы нагадваюць, што ў 2020 годзе яны адкрыта выступілі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту над пратэстоўцамі і праз гэта пацярпелі. Пасля гэтага яны кажуць, што "сёння на міжнароднай арэне нас спрабуюць прадстаўляць людзі, якія не маюць або страцілі такое права".

Яны выказваюць наступныя прэтэнзіі да Апейкіна і кіраванага ім BSSF: 
— неналежнае выкананне ўзятых на сябе абавязкаў перад спартоўцамі;
— распаўсюд паклёпу і правакацый у дачыненні да калег, а таксама распаўсюд ілжывых выказванняў і маніпуляцый у супольнасцях і групах;
— невыкананне даўгавых абавязальніцтваў, адсутнасць празрыстай фінансавай справаздачнасці ў дзейнасці на пасадзе выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці;
— прысваенне ў якасці асабістых заслуг агульных дасягненняў, не ўлічваючы ўклад калектыву і не ацэньваючы ўдзельнікаў, якія працавалі над асноўнымі праектамі. Паводле падпісантаў заявы, гэта выклікала сыход спецыялістаў і пераўтварэнне фонду ў неэфектыўную арганізацыю;
— прыняцце аднаасобнага рашэння аб сувязі спартыўнай арганізацыі з вайсковым падраздзяленнем, што прывяло да супрацьпраўнага палітычна матываванага пераследу беларускіх спартсменаў, якія знаходзяцца ў краіне;
— папулісцкія інтэрвʼю, заявы і публікацыі ў сацыяльных сетках. На думку падпісантаў, у інтэрв'ю Апейкіна заўважаецца рыторыка, якая падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, падрывае ўвесь дэмакратычны рух спартсменаў.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці быў створаны ў жніўні 2020 года, падчас масавых пратэстаў у Беларусі. Яго задача — фінансавая, псіхалагічная, арганізацыйная ды іншая дапамога спартоўцам, пацярпелым ад рэжыму, а таксама ўзаемадзеянне з міжнароднымі арганізацыямі па розных відах спорту. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі