Мінчук пасля Акрэсціна: Севярынец спіць, паклаўшы пад галаву бутэльку з вадой

Мінчук пасля Акрэсціна: Севярынец спіць, паклаўшы пад галаву бутэльку з вадой

У ізалятары часовага ўтрымання Павел Севярынец спіць, паклаўшы пад галаву бутэльку з вадой. Пра гэта ў гутарцы з Радыё "Свабода" распавёў мінчук, які 16 ліпеня выйшаў з ІЧУ на Акрэсціна пасля арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. 

Севярынца арыштавалі 7 чэрвеня. Падчас арышту над ім прайшлі некалькі судоў, апошні — 8 ліпеня. Агулам сустаршыні аргкамітжта БХД прысудзілі не менш за 105 дзён арышту. Праваабаронцы прызналі Севярынца палітвязнем.

Жонка Паўла Севярынца Вольга распавяла, што перадачы для яго на Акрэсціна цяпер прымаюць, аднак лістоў ад яго яна не атрымлівае. Сам Павел на апошнім судзе таксама паспеў сказаць, што лістоў не атрымлівае. 

Мінчук, які выйшаў з Акрэсціна, удакладніў, што з Паўлам не бачыўся, але быў у камеры, дзе той сядзеў паміж пасадкамі ў карцар. Там яму пра Севярынца расказалі сукамэрнікі.

"Казалі, што настрой у яго баявы, не здаецца. Да яго ўвесь час прыходзяць праваахоўнікі, носяць на азнаямленне нейкія дакументы, але Павел іх адпраўляе далей і нічога не падпісвае. Казаў, што яго хочуць судзіць некалькі разоў за адно і тое ж", — перадае "Свабода" словы мінчука.

У агульнай камеры ІЧУ вязням не даюць матрацаў: заяўляюць, што няма. "Чуў ад хлопцаў, што раней ахоўнікі спасылаліся на адсутнасць матрацаў, якія прайшлі санітарную апрацоўку, але ў гэта цяжка паверыць, бо матрацаў няма ні ў кога — як у палітычных, так і ў звычайных арыштантаў. Таму ўсе спяць на голых дошках, Павел таксама, на другім ярусе. Казалі, што пад галаву клаў бутэльку з вадой", — распавёў хлопец.

Ён паведаміў, што вадаправод у камеры адключаны, але ахоўнікі прыносяць ваду, як толькі папросіш. 

Таксама ён распавёў, што ў ноч на 15 ліпеня на Акрэсціна прывезлі вялікую групу арыштаваных за пратэсты 14 ліпеня на мінскіх вуліцах. Дзяжурныя, па яго словах, казалі пра 60 чалавек. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі