Міліцыя масава затрымлівала людзей на Зыбіцкай у выхадныя

Міліцыя масава затрымлівала людзей на Зыбіцкай у выхадныя

На выхадных 2-3 чэрвеня на вуліцы Зыбіцкай міліцыя масава затрымлівала людзей побач з барамі. У апошні раз такое ўмяшальніцтва міліцыі ў жыццё "начной вуліцы" было ў 2016 годзе, калі за адныя выходныя арыштавалі адразу некалькі чалавек за знаходжанне нецвярозым ў грамадскім месцы. Здавалася б тусовочная, барная вуліца — але кантроль над ёй больш жорсткі, чым над іншымі месцамі.

Як распавядае Еўрарадыё, затрыманы у выхадныя на Зыбіцкай Андрэй Арлоўскі, іх кампанію пасярод вуліцы спыніў АМАП:

"Мы гулялі па Зыбіцкай, заходзілі то ў адзін, то ў іншы бар, але шмат не пілі. Нас было чацвёра: тры хлопцы і дзяўчына. Пасля чарговага бара мы ішлі па вуліцы, палілі, і тут нас спыніў нарад АМАПа, без лішніх слоў сказалі ісці за імі. Дзяўчыну пры гэтым яны не ўзялі, адпусцілі. Па выніку прывялі нас да аўтазака, які стаяў на прыпынку каля станцыі метро "Няміга". Акрамя нас там было яшчэ чалавек восем".

У Цэнтральным РУУС, як распавядае Андрэй, аказалася яшчэ чалавек пятнаццаць:

"На нас склалі пратаколы. У іх пісалі, што мы былі п'яныя і перашкаджалі людзям адпачываць. У нас у крыві было каля 0,4 праміле. Адзін мой сябар адразу пагадзіўся падпісаць пратакол і яго адпусцілі недзе праз гадзіну. Я спачатку супраціўляўся, але потым усё ж такі пагадзіўся, але мяне выпусцілі толькі да раніцы. А вось іншы мой сябар наадрэз адмовіўся падпісваць пратакол і яго пакінулі на ўсе выходныя".

Еўрарадыё даведалася, што затрымліваць людзей на Зыбіцкай пачалі яшчэ ў ноч з пятніцы на суботу. Пра гэта нам распавёў відавочца:

"Адпачываў да раніцы суботы на Зыбіцкай. Бачыў, як з міліцэйскага мікрааўтобуса высаджвалі маладых людзей і вялі на прыпынак Няміга ў аўтазак, куды іх і пагрузілі. Па выглядзе рабят, не сказаў бы што яны былі п'яныя. Таксама людзей вялі і не з бусіка. Усяго бачыў як загрузілі чалавек 12-15".

Затрыманых на Зыбіцкай абвінавачваюць у парушэнні артыкула 17.3 частка 3 "Распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення". Толькі ў судзе Цэнтральнага раёна ў першай палове дня было восем спраў, якія ішлі па гэтым артыкуле. Але, па словах супрацоўніка суда, ніхто з абвінавачаных не быў затрыманы на Зыбіцкай.

Ні ў прэс-службе УУС Мінгарвыканкама, ні ў РУУС Цэнтральнага раёну пакуль не змаглі даць каментар у сувязі з сітуацыяй.

Вуліца Зыбіцкая, з таго часу, як яна стала "галоўнай тусовачнай вуліцай" Мінска, не ў першы раз прыцягвае ўвагу праваахоўных органаў. У бліжэйшы час вуліцу абсталююць сістэмай відэаназірання. Акрамя таго праваахоўнікі плануюць узмацніць патруляванне тэрыторыі. Мабыць, у хуткім часе хадзіць па барах на Зыбіцкай стане небяспечна для гаманца. Спярша заплаціць за алкаголь, а потым — штраф за знаходжанне нецвярозым у грамадскім месцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі