Міліцыя не збіраецца адмаўляцца ад сілавога разгону вулічных акцый
Рэагаваць на парушэнне закону ў выглядзе несанкцыянаваных вулічных акцый праваахоўнікі будуць у залежнасці ад аператыўнай сітуацыі. І калі палічаць патрэбным, то будуць "нарошчваць свае сілы і магчымасці”. Так міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч адказаў на пытанне Еўрарадыё, ці будзе міліцыя ў далейшым рэагаваць на вулічныя акцыі разгонамі, як яна адрэагавала падчас сёлетняга святкавання Дня Волі.
Шуневіч: “Мы будзем рэагаваць выключна на парушэнне закону. Так, як і заўсёды рабілі. Колькасць сіл і сродкаў, якія мы прыцягваем, залежыць ад аператыўнай абстаноўкі, яе вастрыні і прагназавання магчымага негатыўнага развіцця гэтай абстаноўкі. Таму, я не бачу нічога звышнатуральнага ў тым, што мы часам нарошчваем свае сілы і магчымасці для таго, каб папярэдзіць нейкую шкоду грамадскаму парадку, грамадскім адносінам у сувязі з нейкай падзеяй. У тым ліку — палітычнай”.
Пытанне, як праваахоўнікі здолелі праглядзець стварэнне ў нашай краіне “незаконнага ўзброенага фармавання” (у чым падазраюць фігурантаў "справы патрыётаў"), Шуневіч параіў пераадрасаваць калегам з КДБ.