Міліцыя правярае, ці не лазяць руферы па чужых кватэрах
Пасля затрымання чацвярых руфераў, якія ўвечары 22 жніўня забраліся на дах ГУМа ў Мінску, міліцыя пачала праверку дзеянняў іншых аматараў сталічных аматараў вышыні. На гэты крок праваахоўнікаў штурхнула відэа, якое ў якасці ілюстрацыі да навіны з’явілася на некаторых сайтах. На ім два хлопцы наўпрост па сцяне забіраюцца на дах 12-павярховай гасцініцы "Звязда" ў Мінску.
“Як высветлілася, для іх гэта звычайная з’ява, — каментуе для Еўрарадыё прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі. — Паглядзелі мы іх відэагісторыю: даволі шмат залазаў яны зрабілі. Апроч таго, там ёсць пранікненне на будынак насупраць КДБ, піратэхніку яны з дахаў запускалі. Таму пытанні да іх ёсць. З гэтай нагоды прызначаная праверка. Зноў жа, ніхто не можа быць дакладна перакананы, што такія ўменні не былі скарыстаныя для пранікнення ў кватэры грамадзян з мэтай крадзяжу”.
Ластоўскі нават прапанаваў праз інтэрнэт аднаму з руфераў самому выйсці на міліцыю, каб паскорыць працэс праверкі. Але хлопец на кантакт не пайшоў.
Па руферах, затрыманых на даху ГУМа, таксама вядзецца праверка. Раней паведамлялася, што найстарэйшаму з іх — 24 гады. Трое аматараў гуляць па даху — беларусы, яшчэ адзін з Расіі. Усе хопцы вучацца, адзін быў адлічаны з ВНУ за непаспяховасць. Цяпер усе чацвёра знаходзяцца на волі.