Міліцыя забрала п'яных, якія нападалі на пікет АГП у Брэсце
Кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што нападнікі — правакатары-"цітушкі".
24 лютага ў Брэсце Лябедзька з кіраўніком мясцовай філіі АГП Уладзімірам Вуекам падалі заяўку на шэсце ў падтрымку ўкраінскага Майдана. Яно мусіць адбыцца 10 сакавіка. У каментары Еўрарадыё Лябедзька адзначыў, што не лічыць гэтую дату запозненай:
Анатоль Лябедзька: "Частка людзей усё ж такі не разумее, што там адбылося. Для іх гэта нешта страшнае, нешта такое, што непажадана, каб было ў нас. Трэба з людзьмі гаварыць пра тое, што насамрэч адбывалася і адбываецца ва Украіне".
Сёння ж у цэнтры Брэста на вуліцы Савецкай прадстаўнікі АГП зладзілі пікет за свабоду слова. Па словах Лябедзькі, каля пікета прысутнічалі міліцыянты ў форме і кадэбісты ў цывільным. Таксама на пікет нападалі і п'яныя, якіх лідар АГП лічыць правакатарамі-"цітушкамі".
Лябедзька: "Былі тры інцыдэнты, калі падыходзілі п'яныя маладыя людзі і спрабавалі сарваць пікет. Апошні раз два чалавекі вырвалі сцяг і спрабавалі парваць яго. Такое адбылося сутыкненне..."
Міліцыянты забралі п'яных нападнікаў у пастарунак.
На фота з фэйсбука Лябедзькі — адзін з п'яных нападнікаў