Мінабароны Украіны занепакоенае беларуска-расійскімі вучэннямі "Захад-2017"
Міністэрства абароны Украіны выказала занепакоенасць будучымі беларуска-расійскімі стратэгічнымі вайсковымі вучэннямі "Захад-2017". Пра гэта першы намеснік міністра Іван Руснак заявіў 6 красавіка ў Кіеве на сустрэчы з намеснікам генеральнага сакратара NATO Роўз Гетэмюлер, перадае прэс-служба вайсковага ведамства.
Таксама Руснак паведаміў, што Украіна ўзяла курс на правядзенне глыбокай абароннай рэформы і прывядзення сіл абароны да стандартаў NATO. Асноўны акцэнт пры гэтым робіцца на рэформе кіравання сіламі бяспекі і абароны Украіны, а таксама сістэмы падрыхтоўкі Узброеных сілаў Украіны паводле стандартаў NATO.
Як паведамлялася раней, вучэнні "Захад-2017" пройдуць з 14 па 20 верасня. Некаторыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі мяркуюць, што пад іх прыкрыццём Расія можа акупаваць Беларусь. Афіцыйны Мінск ніякай пагрозы суверэнітэту краіны не бачыць.
У сваю чаргу некаторыя прадстаўнікі Украіны выказваюць асцярогу, што вучэнні могуць быць толькі прыкрыццём для расійскай агрэсіі ва Украіну з боку Беларусі.