Мінабароны зладзіла раптоўную праверку гатоўнасці Узброеных Сіл

На дарогах можа з'явіцца ваенная тэхніка, папярэдзілі ў Мінабароны

На дарогах можа з'явіцца ваенная тэхніка, папярэдзілі ў Мінабароны / @modmilby

Міністэрства абароны Беларусі раніцай у пятніцу паведаміла аб правядзенні раптоўнай праверкі гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных Сіл да выканання задач.

Праверка закране вайскоўцаў сіл спецаперацый, ракетных войскаў і артылерыі, ВПС і войскаў СПА. Прадугледжваецца, што на першым этапе яны павінны будуць вылучыцца ў назначаныя раёны, падрыхтаваць іх у інжынерных адносінах, арганізаваць ахову і абарону і заступіць на баявое дзяжурства. Затым яны павінны будуць выканаць пэўныя вучэбна-баявыя задачы. Усё гэта будзе адбывацца на палігонах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Начальнік Генштаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка распавёў аб задачах розных падраздзяленняў. Ваеннаслужачыя сіл спецаперацый, паводле яго слоў, атрымалі задачу ў выпадку неабходнасці "дзейнічаць па пошуку, знішчэнні і блакаванні дыверсійна-разведвальных груп умоўнага саперніка, нясенні службы на блокпастах, а таксама аператыўным рэагаванні і выхадзе на назначаныя рубяжы". Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі, абсталяваныя комплексамі "Паланэз" і рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню БМ-21 "Град", павінны ўтойліва заняць прызначаныя раёны і "заступіць на баявое дзяжурства па прызначаных аб'ектах". Будзе задзейнічана і авіяцыя. Яе задача, паводле слоў Муравейкі, даставіць і высадзіць штурмавыя групы, а таксама падтрымліваць сухапутныя групоўкі пры дзеяннях на зямлі.

У Мінабароны папярэдзілі, што падчас правядзення праверкі магчымае з'яўленне баявой тэхнікі на дарогах агульнага карыстання. 

Нагадаем, напярэдадні ў Мінску заявілі аб павелічэнні ўкраінскай групоўкі каля мяжы з Беларуссю. Дзяржпагранкамітэт РБ папярэдзіў "аб недапушчальнасці правакацый". Гомельская і Брэсцкая вобласці, дзе Мінабароны ладзіць праверку, мяжуюць з Украінай. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі