Мінадукацыі зацвердзіла новыя кошты на школьныя падручнікі

Міністэрства адукацыі Беларусі вызначыла новыя кошты за карыстанне школьнымі падручнікамі, паведамляе сайт ведамства. Самы дарагі камплект за карыстанне падручнікамі ў адзінаццацікласнікаў — 97 900 рублёў за камплект, а самы танны — у вучняў 2-га класа — 38 000.

Першакласнікі за камплект кніжак заплацяць 48 800 рублёў,  трэцякласнікі — 57 500 рублёў, 66 000 заплацяць вучні 4-га класа. Пяцікласнікі заплацяць за кніжкі 74 100 рублёў, шасцікласнікі — 67 000, сямікласнікі — 62 600, васьмікласнікі — 70 000 рублёў. Вучні дзевятага класа заплацяць за падручнікі 80 100 рублёў, дзесяцікласнікі — 92 900.

Канчатковы тарыф за карыстанне падручнікамі залежыць ад года яго выпуска: чым больш новая кніга, тым больш давядзецца плаціць.

У параўнанні з мінулым годам меней за ўсё падаражэў набор падручнікаў для пяцікласнікаў — на 1800 рублёў. А найбольш падаражэлі падручнікі для шасцікласнікаў — адразу амаль на 23 000 рублёў.

Аплаціць падручнікі бацькам трэба будзе да 1 кастрычніка.

Для шматдзетных сем'яў прадастаўлены зніжкі на 50% за карыстанне падручнікамі, а школьнікі з сацыяльна неабароненых сем'яў будуць карыстацца кнігамі бясплатна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі