Мінчука арыштавалі на 15 сутак за сцяг з "Пагоняй" на ровары

Мінчука арыштавалі на 15 сутак за сцяг з "Пагоняй" на ровары

На 15 сутак арыштавалі мінчука Георгія Ляснеўскага, які праехаўся на ровары з прымацаваным сцягам з "Пагоняй", паведамляе ТГ-канал "Вясна назірае".

Хлопца затрымалі зранку 11 сакавіка на вуліцы Радыяльнай. За паездку са сцягам на яго склалі пратакол як за незаконнае пікетаванне (арт. 24.23 КаАП). 

На судзе 12 сакавіка Ляснеўскі патлумачыў, што лічыць герб "Пагоня" сімвалам гістарычнай мінуўшчыны — Вялікага Княства Літоўскага. Ён сказаў, што ганарыцца "Пагоняй", і нагадаў, што яна з'яўляецца зарэгістраванай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Хлопец заявіў, што не разумее, навошта атрымліваць дазвол на такое "масавае мерапрыемства". 

Суддзя Партызанскага раёна Міхаіл Макарэвіч пацікавіўся, як на сцяг рэагавалі людзі. На гэта сведка-міліцыянт Дзяніс Арэшкаў заявіў, што людзі ўсміхаліся і паказвалі жэсты, а гэта магло прывесці да парушэння грамадскага парадку.

Адвакат спытаўся ў міліцыянта, якім чынам Ляснеўскі выказваў пратэст супраць дзейнай улады. "Сцягам. Людзі, калі глядзяць, то разумеюць, што такім сцягам выказваюць падтрымку ў сувязі з падзеямі жніўня", — адказаў той.

Дарэчы, сведка не ведаў, што "Пагоня" — гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, унесеная ў адпаведны дзяржаўны спіс.

У выніку суддзя Макарэвіч прысудзіў мінчуку 15 сутак арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі