Мінчука затрымалі на памінках па маці
58-гадовага жыхара Мінска Сяргея ў канцы чэрвеня затрымалі на памінках па маці (было сорак дзён, як яна памерла). За тое, што два месяцы таму ён слухаў у машыне песню Віктара Цоя "Перемен!". Як паведамляе spring96.org, мужчына сядзеў за памінальным сталом, калі яму патэлефанаваў сын, сказаў, што нехта падрапаў яго машыну, таму трэба спусціцца ў двор. А там ужо чакалі супрацоўнікі Ленінскага РУУС сталіцы, якія правялі затрыманне. У міліцыі склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Да праслухоўвання песні яшчэ дадалося "выкрыкванне лозунгу "Жыве Беларусь!". Нібыта, паступіла скарга ад "неабыякавага грамадзяніна".
Ноч Сяргей правёў у "дзяжурнай" камеры ў РУУС, а назаўтра павезлі на Акрэсціна. Адміністрацыйную справу разглядаў суд Ленінскага раёна, суддзя — Юлія Інчына.
У пратаколе быў пазначаны няправільны нумар машыны, таму яна вярнула справу "на дапрацоўку". 29 чэрвеня судовы працэс над Сяргеем аднавіўся. Ён працуе таксістам, да матэрыялаў справы далучылі раздрукоўкі перасоўванняў з указаннем часу і геалакацыі аўтамабіля за 1 траўня. Суддзя Інчына некалькі разоў абвяшчала перапынак, заявіла, што адзін кіламетр ад месца правапарушэння — нязначная розніца. Але справу зноў адправіла "на дапрацоўку". Трое сутак якраз скончыліся, мужчыну адпусцілі да суда.
Працэс аднавіўся 30 траўня. Час у пратаколе, на які звярнула ўвагу суддзя, ужо быў зменены. Прысуд — 15 сутак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.