Мінгарвыканкам узмоцніць кантроль за начнымі клубамі

У Мінску ўзмацняецца кантроль за начнымі клубамі. Як інфармуе агенцтва "Мінск-навіны", у спіс, складзены чыноўнікамі Мінгарвыканкама, трапілі клубы "Сатурн", "Катрын", Dozari, "Рэ: Паблік", "Авертайм", "Найт піпл", "Сфера", рэстаран "Шакалад", рэстаран-клуб "Аўра", бар-клуб "Піраты", Бар 13. І гэта не ўвесь спіс, заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка.

На нарадзе па пытанні выканання дэкрэта № 6 "Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў" гаварылася пра тое, што такія меры вырашылі прыняць пасля выяўлення парушэнняў у начных клубах.

Так у ігравых клубах "Джэкпот" неаднаразова затрымлівалі людзей пад уздзеяннем наркотыкаў. У выніку праверак высветлілася, што ў клубах і на дыскатэках парушаюцца правілы пажарнай бяспекі і санітарных нормаў. Стала вядома, што прадукты там захоўваюць без маркіроўкі і са скончаным тэрмінам прыдатнасці, работнікамі парушаліся правілы асабістай гігіены.

За выяўленыя парушэнні аштрафавалі 1 клуб і 7 супрацоўнікаў. Таксама ў 2014 годзе ў клубах затрымалі 53-х непаўналетніх.

Нагадаем, дэкрэт №6 пачаў дзейнічаць з 2015 года. Ён робіць больш жорсткімі адказнасць установаў за допуск людзей у стане наркатычнага ап'янення і продаж наркотыкаў на іх тэрыторыі, а таксама неінфармаванне міліцыі аб парушэннях. За адзін месяц дзеяння дэкрэта распачалі 14 крымінальных справаў.

Фота: Еўрарадыё і minsknews.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі