Мінінфарм: Звароту на дазвол трансляцыі Першага канала Украіны не было

Дакументы на атрыманне дазволу на трансляцыю Першага нацыянальнага канала Украіны дагэтуль не прыходзілі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Аляксандр Курыловіч.

Курыловіч: “Дакументы ў Міністэрства інфармацыі на атрыманне дазволу на распаўсюд гэтага канала аператарамі пакуль не паступалі. Тым не менш, Міністэрства інфармацыі ўсе дакументы разглядае дастаткова аператыўна, і мы са свайго боку ўсім новым каналам ідзем насустрач. Тым больш, калі гэта такія сродкі масавай інфармацыі, якія дастаткова сяброўскія нашай краіне”.

Суразмоўца Еўрарадыё ўдакладняе, што адпаведныя дакументы ў Мінінфарм мусіць падаваць не сам Першы канал, а нейкі беларускі аператар электрасувязі: “Да нас прыходзяць аператары электрасувязі і на кожны асобны канал атрымліваюць адпаведны дазвол. Пасля чаго ён можа яго распаўсюджваць”. У Мінінфармацыі не ведаюць, які беларускі аператар электрасувязі возьмецца за распаўсюд названага тэлеканала Украіны і калі гэта можа здарыцца.

Нагадаем, дамоўленасць пра трансляцыю ў нашай краіне Першага нацыянальнага канала Украіны была дасягнутая падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі ў Кіеве 21 снежня. А ўжо 23 снежня міністр інфармацыйнай палітыкі Украіны Юрый Стэць напісаў на свай старонцы ў Facebook: “Сёння адбылася тэлефонная размова з калегай з Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Дамовіліся ў бліжэйшы час узгадніць і рэалізаваць усе тэхнічныя і лагістычныя задачы для запуску ўкраінскага вяшчання на тэрыторыі Беларусі ўжо ў студзені”.

Фота — mediaboard.net.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі