Міністр аховы здароўя ў сітуацыі з каранавірусам бачыць "выхад на плато"
Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік у сітуацыі з каранавірусам бачыць "выхад на плато". Праўда, не ва ўсёй краіне, а ў шэрагу рэгіёнаў. Пра гэта ён заявіў у пятніцу падчас размовы з журналістамі. Па словах Караніка, ён бачыць зніжэнне захворванняў у некаторых раёнах Віцебскай і Мінскай абласцей.
"Па шэрагу рэгіёнаў мы ўжо бачым зніжэнне захворванняў, у некаторых — выхад на плато, — цытуе словы міністра БЕЛТА. — Думаю, што зніжэнне там будзе ў бліжэйшы час. Дзесьці бачым рост колькасці захворванняў, але ён у рамках прагнозных паказчыкаў".
Як паведамляла Еўрарадыё, паводле афіцыйных звестак, у нашай краіне адзначаецца рост колькасці выпадкаў COVID-19, іх ужо 21 101. Памёр 121 чалавек. Пры гэтым з 24 красавіка Міністэрства аховы здароўя не паведамляе статыстыку па сітуацыі з каранавірусам у рэгіёнах.
"Мы лічым, што сітуацыя ў Віцебскім рэгіёне нармалізуецца", — заявіў Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, падобная сітуацыя складваецца і ў шэрагу раёнаў Мінскай вобласці. Міністр аховы здароўя некалькі разоў згадваў "выхад на плато".
"Мы лічым. што ў астатніх рэгіёнах выйшлі на плато, — працягваў Каранік. — Трэба яшчэ некаторы час аказваць дапамогу ў такім інтэнсіўным рэжыме, пасля чаго будзе зніжэнне захворванняў".
Міністр распавёў, што ў большасці пацыентаў каранавірусная інфекцыя працякае ў лёгкай форме. Ускладненні ў выглядзе пнеўманій — у 15-20% пацыентаў з каранавірусам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.