На мерапрыемстве з удзелам Лукашэнкі ў ахоўнай масцы быў толькі адзін чалавек
8 траўня Аляксандр Лукашэнка паўдзельнічаў у цырымоніі закладкі капсул з зямлёй у храме-помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску. На фотаздымках, апублікаваных прэс-службай кіраўніка дзяржавы, відаць, што ахоўная маска была толькі ў аднаго з прысутных — у сербскага пасла Велька Кавачавіча. Без ахоўных масак былі святары, вайскоўцы, моладзь, ветэраны вайны. А на мерапрыемстве прысутнічалі таксама старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў, намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. Без маскі быў і расійскі пасол Дзмітрый Мезенцаў.
Сам Аляксандр Лукашэнка ні разу публічна не з'яўляўся ў ахоўнай масцы.
9 траўня ў Мінску пройдзе вайсковы парад.
На раніцу 8 траўня ў нашай краіне адзначаны рост колькасці выпадкаў каранавіруса, іх ужо налічваецца 21 101. Памёр 121 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.