Міністр эканомікі Беларусі: Бензін будзе каштаваць, як у Расіі!
Мікалай Снапкоў распавядае, як укладаецца ў камунальныя тарыфы, каму з экспертаў давярае, чаму падаражэе бензін і чым мы лепшыя за "Уралкалій".
Мікалай Снапкоў у сераду правёў "прамую лінію" у рэдакцыі газеты "Рэспубліка". Журналісты Еўрарадыё датэлефанаваліся да чыноўніка і задалі яму некалькі пытанняў.
Еўрарадыё: Ці ўкладваецеся вы ў сацыяльныя тарыфы на ваду і святло?
Мікалай Снапкоў: Я ўкладваюся ў тарыфы, у мяне невялікая сям’я, але, думаю, што можна яшчэ эканоміць, бо іншым разам заўважаю, што, да прыкладу, святло гарыць там, дзе магло і не гарэць.
Еўрарадыё: Як і калі будуць расці тарыфы на камуналку?
Мікалай Снапкоў: Выраслі заробкі беларусаў — выраслі тарыфы ЖКГ. Павышэнне будзе плаўнае, але мэтанакіраванае. Каб плацяжы па камуналцы ў сярэднім спажывецкім кошыку складалі не 7-8%, а набліжаліся да больш справядлівых. Парог, на нашу думку, — 15%.
Еўрарадыё: У бліжэйшы час нас чакае падаражанне акцызаў на аўтамабільнае паліва. Ці падаражэе бензін і чаму ён увесь час даражэе?
Мікалай Снапкоў: Павышэнне акцызаў звязанае з нашымі абавязальніцтвамі ў межах Еўразійскай эканамічнай прасторы па ўніфікацыі акцызнай палітыкі на бензін/паліва і на гарэлку. І другое, гэта звязана з "падцягваннем" коштаў да ўзроўню хаця б Расійскай Федэрацыі. З тым, каб не было такога агрэсіўнага вывазу паліва, як мы гэта назіралі, напрыклад, у 2011 годзе.
Еўрарадыё: У Еўропе бензін каштуе ледзь не ўдвая даражэй, чым у Беларусі. Чаго чакаць нашым аўтааматарам? Ці ёсць гарантыя, што паліва будзе каштаваць не даражэй, чым у Расіі?
Мікалай Снапкоў: Я думаю, так. Для нас нявыгадна павышаць кошты да ўзроўню Еўрасаюза. Мы будзем прытрымлівацца нашых дамоваў з Расійскай Федэрацыяй і прыкладна мець парытэт коштаў на паліва.
Еўрарадыё: Чым беларускай эканоміцы пагражае разрыў "Уралкалія" з "Беларускай калійнай кампаніяй"?
Мікалай Снапкоў: Па маіх асабістых ацэнках, мы з’яўляемся лепшай кампаніяй, чым “Уралкалій”. У нас прыкладна, ну, крыху вышэйшы, на 100 долараў сабекошт экспарту. Але ў нас нашмат лепшая лагістыка. І я ўпэўнены, што мы здольныя самастойна сябе пазіцыянаваць на калійным рынку. Незалежна ад таго, якая формула далей будзе — кошт ці аб’ёмы, як прадэклараваў “Уралкалій”: маўляў, аб’ёмы вышэйшыя за ўсё, і паніжэнне сабекошту. У гэтых двух аспектах, я лічу, наша адносная перавага лепшая, чым у “Уралкалія”.
Еўрарадыё: Каму з экспертаў, якія даюць прагнозы наконт развіцця падзей у беларускай эканоміцы, можна давяраць?
Мікалай Снапкоў: Калі кажуць пра экспертаў, дык лепш за ўсё слухайце сябе і рабіце высновы, сыходзячы са сваіх адчуванняў і свайго бачання. Калі казаць увогуле, дык мы — народ, жывем у Беларусі. Таму трэба слухаць свайго лідара — прэзідэнта! Я гэта кажу абсалютна сур’ёзна. У яго другая вышэйшая адукацыя — эканамічная. Больш за тое: ён вельмі прасунуты эканаміст, бо ён пры гэтым яшчэ і гісторык! Усё эканамічнае ён пераламляе на практыкі, што склаліся ў гістарычным аспекце. Таму, фактычна, прэзідэнт з’яўляецца геапалітычным эканамістам, я б сказаў так.
Але калі чалавек не з’яўляецца эканамістам, дык яму і не варта “замарочвацца” пытаннямі эканомікі. Жывіце, выдаткоўвайце грошы з розумам, вандруйце. Калі ёсць нейкая ініцыятыва — адкрыйце бізнэс ці майстэрню. Жывіце і радуйцеся жыццю. Навошта думаць пра тое, пра што, на маю думку (вяртаючыся да пытання “Каго слухаць?”), зашмат кан’юнктуршчыны, папулізму і, як бы гэта сказаць, надзімання шчок.
Фота: ИТАР-ТАСС.