Міністр інфармацыі — пра парушальнікаў у інтэрнэт-прасторы
Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч у эфіры праграмы "Тыдзень" на тэлеканале СТБ выказаўся пра парушальнікаў у інтэрнэт-прасторы. Ужо другі год у нашай краіне дзейнічае абавязковая ідэнтыфікацыя асоб, якія змяшчаюць свае матэрыялы на сайтах, каментуюць артыкулы, удзельнічаюць у форумах. Гэтыя новаўвядзенні трапілі ў абноўлены закон "Аб СМІ".
"Я лічу, што гэтая норма працуе, — кажа Карлюкевіч. — ...Ёсць парушальнікі, але яны ў большай ступені нават не сярод каментатараў, а сярод тых, хто размяшчае наўмысна тую ці іншую інфармацыю, якая не адпавядае заканадаўству".
Пры гэтым, кажа міністр, абраз у інтэрнэце менш не стала. "Інтэрнэт-прастору болей цнатлівай новае заканадаўства не зрабіла", — канстатуе Аляксандр Карлюкевіч. Ён дапускае, што Мінінфарм і ў будучыні будзе "вылучаць пэўныя ініцыятывы".
Аляксандру Карлюкевічу 56 гадоў. Ён — краязнаўца, журналіст, літаратуразнаўца, аўтар некалькіх дзясяткаў кніг. Пасаду міністра інфармацыі займае з 2017 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.