Міністр культуры раскрытыкаваў дзейнасць "Беларусьфільма"
Міністр культуры Барыс Святлоў на калегіі ведамства раскратакаваў дзейнасць кінастудыі "Беларусьфільм". Па яго словах, у дзейнасці кінастудыі няма выразнай стратэгіі фільмавытворчасці.
"Ніхто не забараняе кінастудыі ўдзельнічаць у стварэнні такіх праектаў за кошт уласных або сродкаў партнёраў, каб зарабіць на гэтым грошы. Але не гэтыя карціны павінны вызначаць творчае аблічча кінавытворчасці і тым больш не павінны стварацца з дзяржаўнай падтрымкай", — цытуе БЕЛТА словы міністра.
На думку чыноўніка, нацыянальная кінастудыя павінна ствараць нацыянальныя не толькі паводле статусу, але і паводле зместу фільмы з праўдзівым асвятленнем мінуўшчыны і цяперашняга часу Беларусі. Святлоў заявіў, што кінастудыя займае спажывецкую пазіцыю і разлічвае на дзяржаўную падтрымку.
З дзяржаўнага бюджэту ў 2016 годзе на падтрымку фільмавытворчасці вылучана 6,2 млн рублёў — гэта на 1 млн рублёў больш, чым у папярэднім годзе. З гэтай сумы 4,3 млн рублёў атрымала кінастудыя. "Беларусьфільм" перастаў быць стратным прадпрыемствам. Праўда, гэта адбылося не за кошт рэальна заробленых сродкаў, а таму што фільмы былі пастаўляеныя на ўлік у якасці нематэрыяльных актываў.
Кінастудыя ў 2016 годзе выканала толькі адзін паказчык — вытворчасць фільмаў па дзяржзамове, а астатнія паказчыкі не выканала.
Таксама правальным напрамкам дзейнасці кінастудыі Святлоў назваў рэалізацыю фільмаў. Па яго словах, "Беларусьфільм" не зацікаўлены ў папулярызацыі ўласнай прадукцыі. У выніку, планавае заданне па рэалізацыі маёмасных правоў на фільмы выкананае менш чым на 20%.
Дарэчы, раней з крытыкай "Беларусьфільма" выступаў вядомы драматург і рэжысёр Андрэй Курэйчык. Ён нават звяртаўся ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб звярнуць увагу на гэтую галіну.
Як паведамляла Еўрарадыё, за апошнія пяць гадоў менавіта фільм Курэйчыка "ГараШ" стаў самым касавым у Мінску. Ён апярэдзіў па зборах нават "Мы, браты", зняты на дзяржаўную замову.