Міністр спорту не разумее, чаму перанесены чэмпіянат Еўропы па таэквандо
Міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко не разумее, чаму перанесены чэмпіянаты Еўропы па таэквандо і паратаэквандо з нашай краіны ў іншую. Ён заявіў, што перанос спаборніцтваў пакуль ніяк не патлумачаны, інфармуе БЕЛТА. Чыноўнікі з Мінспорту здзіўленыя рашэннем Еўрапейскай федэрацыі таэквандо. Апошняя толькі спаслалася на нейкія “непрадбачаныя абставіны”.
Існуе некалькі версій прычын рашэння Еўрапейскай федэрацыі таэквандо. Сярод іх — рашэнне не ўключаць таэквандо ў праграму II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску у чэрвені 2019-га. Шамко адзначыў, што беларускі бок не прымаў яго ў аднабаковым парадку, вяліся перамовы і кансультацыі з Еўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі, міжнароднымі і еўрапейскімі федэрацыямі па відах спорту. Як вядома, чэмпіянаты Еўропы па таэквандо і паратаэквандо мусілі прайсці ў мінскім палацы спорту “Уручча” ў кастрычніку 2017-га.
Мінспорту Беларусі рыхтуе афіцыйны ліст кіраўніцтву Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў “з мэтай звярнуць увагу на дзеянні Еўрапейскай федэрацыі таэквандо”. “Рашэнне асобных чыноўнікаў у еўрапейскай спартыўнай структуры не павінна паўплываць на развіццё гэтага віду спорту на ўсім Еўрапейскім кантыненце”, — заявіў міністр.