Лукашэнка звольніў двух міністраў за непрыняцце антыкарупцыйных мераў
Аляксандр Лукашэнка звольніў са сваіх пасадаў міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко. Як паведамляецца на сайце кіраўніка дзяржавы, такое рашэнне было прынятае "за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях".
У каментары БЕЛТА кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава заявіла, што кожны факт карупцыі "наносіць непапраўную шкоду іміджу ўлады і грамадскім адносінам у дзяржаве".
Па яе словах, кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу кіраўнікоў усіх узроўняў на ўзмацненне персанальнай адказнасці за выкананне антыкарупцыйнага заканадаўства. "Да кіраўнікоў, у падведамасных арганізацыях якіх будуць выяўленыя такія факты, будуць прымацца самыя жорсткія, але справядлівыя меры, уключаючы вызваленне ад займаных пасадаў", — падкрэсліла Качанава.