Міністр: У канцы 2016 года ў Беларусі могуць павысіцца тарыфы на паслугі ЖКГ
Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі распавёў пра спрэчныя моманты ў перамовах паміж уладамі Беларусі і Міжнародным валютным фондам. Як вядома, з 21 чэрвеня ў нашай краіне пачынае працаваць чарговая Місія МВФ. Улады Беларусі спадзяюцца атрымаць крэдыт у памеры каля 3 млрд долараў, але замежныя эксперты, адзначаючы пазітыўныя моманты, рэкамендуюць праводзіць маштабныя рэформы ў беларускай эканоміцы.
Па словах Зіноўскага, улады нашай краіны разлічваюць па выніках працы цяперашняй Місіі МВФ выйсці "на канкрэтнае абмеркаванне будучай праграмы". Ён падкрэсліў, што Беларусь зацікаўленая ў ёй, але ўраду трэба "паглядзець глыбей" на эканамічнае развіццё краіны, што ён і робіць з экспертамі фонду. А яны, як стала вядома, рэкамендуюць уладам Беларусі павысіць кошт камунальных паслуг. Уладзімір Зіноўскі адзначыў, што гэта якраз адзін са спрэчных момантах у перамовах і беларускі бок спрабуе знайсці агульныя падыходы.
"Калі мы прымаем рашэнне па павышэнню тарыфаў ЖКГ, мы павінны вырашыць у гэтым плане, як мы будзем кампенсаваць ўзняцце такіх тарыфаў найбольш бедным слаям насельніцтва, — цытуе словы Зіноўскага БЕЛТА. — Безумоўна, гэта павінна быць увязана, і хатнія гаспадаркі не павінны пацярпець ад такога павышэння".
Міністр эканомікі нагадаў, што на цяперашні момант беларусы аплачваюць у сярэднім каля 40% сабекошту ўсіх паслуг ЖКГ. Да канца 2018-га плануецца давесці гэтую лічбу да 100%, пераважна за кошт зніжэння энергазатрат прадпрыемстваў і жыллёва-камунальных арганізацый. Зіноўскі не выключае, што ўжо ў канцы 2016 года пры зніжэнні затрат можа адбыцца невялікае павышэнне тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пасля гэтага жыхары нашай краіны пачнуць аплачваць ужо 50% ад іх кошту.