Міністр замежных спраў Польшчы распавёў пра будучыню тэлеканала "Белсат"

Міністр замежных спраў Польшчы распавёў пра будучыню тэлеканала "Белсат"

Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрв'ю сайту wpolityce.pl распавёў пра будучыню беларускамоўнага тэлеканала "Белсат". Ён кажа, што паўстала пытанне рэформы замежнага вяшчання, паколькі ёсць пытанні да яго эфектыўнасці (у тым ліку і да "Белсата", які існуе 10 гадоў, а "яго ўплыў на рэальнасць сціплы"). Польская дзяржава мусіць ашчаджаць грошы, адзначыў міністр, тым больш ёсць неабходнасць павялічыць дапамогу ўцекачам з краін Азіі і Афрыкі. Рашэнне будзе прынятае ў бліжэйшыя дні. У тым ліку і пра стварэнне англамоўнага тэлеканала, скіраванага на аўдыторыю краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Вашчыкоўскі паведаміў, што новы сучасны тэлепраект будзе накіраваны на палякаў, якія жывуць у Беларусі, і на тых людзей, якія хочуць авалодаць польскай мовай. Задача — даць магчымасць тым жа беларусам пабачыць, як жыве Польшча. Вітальд Вашчыкоўскі лічыць, што гэта важна для ўплыву на свядомасць людзей, як калісьці "палякі пры камунізме глядзелі на Захад" і ўсведамлялі неабходнасць пераменаў. TVP Polonia, як чакаецца, стане даступная на ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Улады Беларусі, нібыта, гатовыя дадаць гэты тэлеканал у кабельныя сеткі. Аднак у Варшаве яшчэ чакаюць афіцыйнага пацверджання з Мінска. Нядаўна міністр замежных спраў Польшчы быў з візітам у Беларусі і, верагодна, гэтае пытанне абмяркоўвалася.

Што да журналістаў "Белсата", то ім прапануюць варыянты працягнення працы, паведаміў Вашчыкоўскі. Як вядома, у Беларусі пашыраецца кампанія ў падтрымку тэлеканала, на адрас польскіх дзяржаўных органаў дасылаюцца лісты з просьбай перагледзець рашэнне аб ліквідацыі "Белсата".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі