Мінкульт адказаў "ябацькам", якія хацелі пачысціць навагоднія плэйлісты ў ГЦ
"Ябацькі" запатрабавалі "патрыятычны" навагодні рэпертуар у гандлёвых цэнтрах
Скандальна вядомая "інфаказачка" Вольга Бондарава падтрымала зварот у Мінкульт адной са сваіх аднадумцаў. Нейкая Юлія патрабавала замяніць у гандлёвых цэнтрах плэйлісты з замежнай каляднай музыкай на беларускія і рускія песні.
Ёй не спадабалася, што ў крамах круцяць "Jingle Bells", песню гурта ABBA "Happy New Year" ды іншыя. Яна прапанавала ставіць у ГЦ беларускія і рускія песні, а таксама песні з савецкіх кінафільмаў. Жанчына нават склала свой плэйліст: "Снег кружится", "Завіруха", "Новогодняя", "Кабы не было зимы", "В лесу родилась елочка", "Три белых коня", "Маленькой елочке холодно зимой", "Расскажи, Снегурочка, где была", "Снежинка", "Новый год у ворот". Нібыта менавіта гэтыя песні беларусы хочуць чуць у грамадскіх месцах.
У падмацаванне сваіх аргументаў аўтарка спаслалася на 17-ы артыкул Канстытуцыі і Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", дзе сказана, што дзяржаўныя мовы ў нашай краіне — беларуская і руская.
Юлія склала таксама спіс гандлёвых цэнтраў, дзе гучыць "непатрыятычная" калядная музыка. У гэты спіс увайшлі амаль усе буйныя мінскія ГЦ. Выключэнне склаў толькі дзяржаўны гандлёвы цэнтр "Сталіца", дзе навагоднюю атмасферу ствараюць "з дапамогай музычнага суправаджэння нашымі песнямі".
Афіцыйны адказ з Мінкульта падпісаў намеснік міністра Валерый Грамада. У лісце паведамляецца, што міністэрства падрыхтавала ўжо свой "плэйліст аўдыятрэкаў, які складаецца з твораў беларускай і сусветнай класічнай музыкі, у тым ліку прадугледжвае навагоднія песні, для наступнага выкарыстання ў музычным афармленні гандлёвых цэнтраў". Спіс кампазіцый, як заяўляюць у ведамстве, ужо разаслалі ў МАРГ, Мінскі гарадскі і абласныя выканкамы з прапановай круціць іх у крамах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.