Мінлясгас: Раней здабывалі 2 тысячы баброў у год, але каўбасу нельга было рабіць

Мінлясгас: Раней здабывалі 2 тысячы баброў у год, але каўбасу нельга было рабіць

Міністэрства лясной гаспадаркі вырашае рабіць каўбасу і кансервы з… бабра! Агулам, у гаспадарках міністэрства страляюць каля дзвюх тысяч гэтых жывёл на год. Але раней каўбасу рабіць было нельга, цяпер ― можна.

“Мяса іх раней ужывалі ў ежу, але цяпер, у сувязі з распрацоўкай тэхнічных умоў мы можам на законных падставах даваць гэта мяса на пераапрацоўку. Да гэтага толькі паляўнічыя маглі ўжываць мяса бабра ў ежу. Гэтае мяса па многіх паказчыках пераўзыходзіць ялавічыну і трусяціну. Гэта будзе ў межах запланаванага плана вымання жывёлін”, ― расказвае начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Сяргей Шастакоў.

У Мінлясгас ужо звярталіся вытворцы з Літвы, каб закупляць мяса бабра. Але пакуль дакладна не вядома, дзе будуць вырабляць каўбасу і ў якіх маштабах. Па словах Сяргея Шастакова, баброў у краіне цяпер каля 65 тысяч.

“У нас іх колькасць блізкая да аптымальнай, калі іх колькасць большая, то бабры пачынаюць несці максімальную шкоду. Нярэдка вялікія масівы падтопленыя жыццядзейнасцю бабра. Бобр працуе, і ідзе падтапленне сельскагаспадарчых тэрыторый”, ― кажа Сяргей Шастакоў.

У Расіі з бабра ўжо робяць “далікатэс дзіч”, каштуе 16 рублёў за 250 грамаў. У складзе каўбасы мяса бабра, тлушч бабра, ялавічына, шпік, соль, перац, нітрыт натрыю.

Але па падліках эколагаў, папуляцыя бабра за апошнія два гады зніжаецца, што звязана з засухай. Выгадней падаваць бабра ў рэстаранах ад паляўнічых гаспадарак, бо на прамысловыя мэты іх не хопіць, лічыць Інэса Балоціна біёлаг і прадстаўніца “Зялёнай Сеткі”:

“Калі іх вымаць у тых жа аб’емах, у якіх іх можна вымаць за год, то гэта не страшна. Не важна, што з іх рабіць. Але ў апошнія два гады ёсць тэндэнцыя на змяншэнне папуляцыі баброў з-за засухі на 30-40%. Таксама бабра цяжка здабываць, ён прызвычайваецца. Да таго ж імі корміцца воўк, і калі шмат вымаць баброў, воўк будзе шукаць іншыя шляхі здабычы ежы”.

Бобр у Беларусі ― традыцыйны аб'ект харчавання. Нават на гарадзішчы Тураўскага княства ёсць звесткі пра тое, што баброў ужывалі ў ежу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі