Мінпрацы правядзе анлайн-канферэнцыю па “дэкрэце аб дармаедах”
Грамадзянам дадуць тлумачэнні, як новы дакумент будзе рэалізоўвацца на практыцы.
Анлайн-канферэнцыя на тэму “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” пройдзе сёння, 6 красавіка з 15.00 да 16.00 на сайтах БЕЛТА і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. На пытанні аб практычнай рэалізацыі гэтага дакумента будуць адказваць намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асобаў Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька, начальнік Дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, а таксама спецыялісты Мінпрацы і сацабароны, МПЗ і МУС.
2 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" ("дэкрэт аб дармаедах"). Адзначаецца, што дакумент закліканы стымуляваць удзел працаздольных беларусаў у працоўнай дзейнасці, у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.
Грамадзяне Беларусі і замежнікі, якія стала жывуць у нашай краіне, але не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, а калі ўдзельнічаюць, то менш за 183 каляндарныя дні на год, мусяць заплаціць не пазней за 15 лістапада збор — 20 базавых велічынь (3 млн 600 тысяч рублёў).
Не трэба яго плаціць тым беларусам, хто працуе больш за 183 каляндарных дня на год, выхоўвае дзіця да 7 гадоў, дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх ці больш непаўналетніх дзяцей. Вызваляюцца ад выплаты збору недзеяздольныя грамадзяне, інваліды, асобы, якія маладзейшыя за 18 гадоў, жанчыны, якія дасягнулі 55 гадоў, мужчыны ад 60 гадоў.
Прадугледжаныя варыянты змяншэння сумы збору, у тым ліку на суму падаткаў, выплачаных у каляндарным годзе.
За нявыплату збору ці няпоўную выплату будуць штрафаваць — ад 2 да 4 базавых велічынь (ад 360 тысяч да 720 тысяч рублёў). Прадугледжаны і адміністрацыйны арышт.
Мінпрацы: У “дармаедаў” могуць быць праблемы з выездам за мяжу