Мінскае метро: Афішы канцэрта Вольскага вяртаць не будзем

Мінскае метро: Афішы канцэрта Вольскага вяртаць не будзем

Два тыдні прайшло з таго часу, як на станцыях "Кастрычніцкая" і "Няміга" ў мінскім метро з'явіліся афішы канцэрта Лявона Вольскага ў Вільні. Але не паспелі фанаты ўзрадавацца (няўжо музыку нарэшце дазволілі?!), як банеры зніклі. Рэкламу знялі ці то ўначы з пятніцы на суботу, ці то раніцай у выхадны дзень.

Мінскае метро: Афішы канцэрта Вольскага вяртаць не будзем
Афішы выдатна ўпісаліся ў інтэр'ер і, падавалася, нікому не перашкаджалі. Але гэта толькі падавалася. Фота: Еўрарадыё.

Дачакаўшыся панядзелка, арганізатары канцэрта высветлілі, што ў Мінгарвыканкаме ўвогуле не ў курсе пра афішы Вольскага. А прыбралі іх па ініцыятыве кіраўніцтва мінскай падземкі. Гэта сітуацыя вельмі азадачыла арганізатараў, і яны звярнуліся ў метро па тлумачэнні.

"Мы дагэтуль чакаем адказу. Яны сказалі, што ў іх на яго ёсць 14 дзён, якія яшчэ не прайшлі, — распавядае Еўрарадыё арганізатар канцэрта Зміцер Каспяровіч. — Я пакуль што ад гэтай афішы не адмовіўся, але ж да канцэрта засталося не шмат шмат часу. Калі сёння ніякай яснасці не будзе, застанёмся без афішы".

Як даведалася Еўрарадыё, у метро катэгарычна адмаўляюцца вяртаць Вольскага на месца.

"Не, яны [афішы Вольскага. — Еўрарадыё] там не з'явяцца. У іх няма гастрольнага пасведчання. Мы напісалі адказ кампаніі "Святло горада" — гэта яны размяшчалі афішы. Вы звярніцеся да іх", — адказвае Еўрарадыё Святлана Зізіка, начальнік рэкламна-інфармацыйнага аддзела Мінскага метрапалітэна.

Але якія могуць быць "гастролькі", калі Вольскі выступае ў Вільні?! Літоўскае заканадаўства ніякіх дадатковых дазволаў на правядзенне канцэрта не прадугледжвае. Распавядаем гэта чыноўніцы, але яна адказвае толькі: "Набірайце, калі ласка, "Святло горада". Усё".

Але ў кампаніі адказа з метрапалітэна пакуль не атрымалі. "Дакументы на ўзгадненне мы падалі. Афіцыйны адказ яны абяцалі даслаць у панядзелак. Каб нешта казаць, мы мусім атрымаць гэты афіцыйны ліст на рукі", — адказваюць Еўрарадыё ў "Святле горада".

Падобна на тое, што з'яўленне афіш Вольскага ў мінскім метро было не знакам адлігі, а збоем у сістэме. Але, так ці інакш, выступ адбудзецца 8 траўня — з рэкламай у Мінску ці без яе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі