Мінскі баксёр удала змагаецца за алімпійскую ліцэнзію з сусветнымі зоркамі
Днямі Сяргей Карнееў выйдзе ў рынг супраць прызёра чэмпіяната свету, а нядаўна наш баксёр сенсацыйна перамог зорнага італьянца Клементэ Руса.
8 лютага ў Буэнас-Айрэсе Сяргей Карнееў сустрэнецца з мясцовым баксёрам Джамілем Пэральтам, які па прафесійных правілах не прайграў ніводнага двубоя за тры гады. На апошнім чэмпіянаце свету гэты аргенцінец стаў прызёрам.
Джаміль Пэральта
Паядынак адбудзецца ў межах лігі WSB, дзе б’юцца наймацнейшыя баксёры-алімпійцы планеты. Праз гэта ўжо ў наступным годзе можна будзе заваяваць ліцэнзію на Алімпіяду-2016.
Нагадаем, што паўтара месяца таму Сяргей Карнееў сенсацыйна перамог чэмпіёна свету Клементэ Руса. І вось клуб “Украінскія атаманы”, за які выступае беларус, выстаўляе нашага земляка супраць чарговай зоркі.
Сяргей і яго настаўнік ужо прыляцелі ў Буэнас-Айрэс. А перад вылетам у Паўднёвую Амерыку трэнер Канстанцін Маханькоў распавёў Еўрарадыё пра стратэгічную важнасць лігі WSB.
“Гэта адзіны шанц узяць ліцэнзію на Алімпіяду. Для гэтага ў наступным годзе трэба быць у топ-восем рэйтынгу. Сяргей у першым жа баі трапіў на зорку (Клементэ Руса, — заўв. Еўрарадыё) і перамог. І на дадзены момант ён ужо шосты ў рэйтынгу”, — тлумачыць трэнер.
Еўрарадыё: На хатнім чэмпіянаце Еўропы Сяргею Карнееву не аддалі перамогу ў роўным двубоі з рускім. На чэмпіянаце свету ў Казахстане сітуацыя паўтарылася: эфектны паядынак з яшчэ адным рускім — а руку зноўку падымаюць не Сяргею. Ці не траўмавала гэта сітуацыя байца?
Канстанцін Маханькоў: "Траўма ў нас была яшчэ з Алімпійскіх гульняў-2012, калі ў Сяргея забралі медаль. Пасля чэмпіянату свету Сяргей думаў падвязваць. Але з’явілася магчымасць выступаць у лізе WSB за “Украінскіх атаманаў”.
Еўрарадыё: Ці справядліва працуюць суддзі на турнірах лігі WSB?
Канстанцін Маханькоў: "На судзейства бываюць нараканні. Але падыход усё роўна больш прафесійны. У аматарах судзяць пяць чалавек. І нават калі ты перамог з лікам 3:2, камп'ютар выбірае толькі трох суддзяў, і ты ў выніку можаш прайграць 2:1. На турнірах WSB — толькі тры суддзі, і пасля кожнага раўнда робіцца падлік пунктаў. І мы можам выстройваць тактыку, ведаючы прамежкавыя вынікі па раўндах".
Нагадаем, што ў лізе WSB беларус Сяргей Карнееў выступае за вядомы клуб “Украінскія атаманы”. Сюды нашага хлопца запрасілі замест двухразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Усіка. Двубоі ў лізе WSB праводзяцца паводле прафесійных правілаў — пяць раўндаў па тры хвіліны.
Сяргей Карнееў у Буэнас-Айрэсе і перадае прывітанне сваім фанатам