Мінскі суд аштрафаваў 10 удзельнікаў Дня Волі
28 красавіка суд Савецкага раёна Мінску аштрафаваў 10 удзельнікаў святкавання Дня волі. Як перадае БелаПАН, штрафы складалі ад 2,1 да 8,4 млн. рублёў (10-40 базавых велічыняў).
Старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча аштрафавалі на 7 млн 350 тыс. рублёў (35 базавых). Па словах палітыка, суд палічыў, што ён удзельнічаў у несанкцыяваным мітынгу каля кінатэатра "Кастрычнік". Янукевіч адзначае, што гэтае месца было дазволена для збору ўдзельнікаў акцыі.
На такую ж суму аштрафаваны каардынатар кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максім Вінярскі. Найбольшы штраф атрымаў сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў — 8,4 млн рублёў (40 базавых). Сустаршыня аргкамітэту партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі аштрафаваны на 2,1 млн рублёў (10 базавых). Актывісты Мікалай Колас і Зміцер Дашкевіч аштрафаваныя на 4,2 млн (20 базавых), Кася Людвіг — на 5,25 млн рублёў (25 базавых), Алесь Макаеў, Зміцер Сільчанка і Яўген Батура — на 6,3 млн рублёў (30 базавых).
Не вядома, які прысуд вынесены актывісту Дзмітрыю Паліенку.
Раней за акцыю 25 cакавіка былі аштрафаваныя Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька. Ім прысудзілі па 10,5 млн рублёў (50 базавых).