Мінскія ўлады вызначылі месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі

Мінскія ўлады вызначылі месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі

Мінгарвыканкам вызначыў месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі падчас правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Кандыдаты і іх давераныя асобы змогуць агітаваць у любых прыдатных для гэтага месцах у сталіцы. Аднак агітацыю забаранілі на аб'ектах метрапалітэна, чыгункі і паветранага транспарту, у падземных пешаходных пераходах, на мастах і на праезнай частцы аўтадарог.

Нельга будзе праводзіць агітацыю на Кастрычніцкай плошчы, плошчах Незалежнасці, Перамогі, Дзяржаўнага сцяга, Якуба Коласа, Прывакзальнай плошчы, а таксама на тэрыторыях, размешчаных на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў Нацыянальнага сходу, Савета міністраў, рэзідэнцыі прэзідэнта. Забароненыя агітацыйныя акцыі на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых органаў улады, дыппрадстаўніцтваў, судоў, вайсковых частак, органаў пракуратуры, дзіцячых дашкольных установаў.

Мінгарвыканкам вызначыў, што масавыя мерапрыемствы (сходы па-за памяшканнямі, мітынгі і пікеты) кандыдаты ў дэпутаты і іх давераныя асобы змогуць праводзіць ад 8-й да 22-й гадзіны. Дазволена змяшчаць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы пра кандыдатаў на інфармацыйных стэндах жыллёва-эксплуатацыйных арганізацый (у тым ліку і каля пад'ездаў жылых дамоў, інтэрнатаў, бальніц), інфармуе агенцтва "Мінск-навіны".

Парламенцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 11 верасня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі