Мінтранс ЗША плануе забараніць амерыканцам лётаць у Беларусь
Нацыянальны аэрапорт "Мінск" / Еўрарадыё
Мінтранс ЗША прапаноўвае забараніць амерыканцам лётаць у/праз Беларусь. Гэта вынікае з дакумента ведамства, апублікаванага 29 чэрвеня.
Згодна з пастановай, плануецца забарона продажаў авіябілетаў паміж ЗША і Беларуссю.
"... У інтарэсах знешняй палітыкі ЗША абмежаваць зносіны паміж ЗША і Беларуссю. Забарона павіна ўключаць магчымасць ўрада рабіць адзінкавыя выключэнні для паведамлення, звязанага з нацыянальнымі інтарэсамі, уключаючы гуманітарныя пытанні і пытанні нацыянальнай бяспекі", — гаворыцца ў дакуменце.
Канчатковае рашэнне можа быць прынята 1 ліпеня.
Напярэдадні пра тое, што ЗША могуць прыняць рашэнне аб абмежаванні авіязносін з Беларуссю з-за сітуацыі з пасадкай борта Ryanair ў Мінску, напісаў Вloomberg.
"Хоць пасажырапаток паміж ЗША і Беларуссю абмежаваны, гэтая акцыя была б сімвалічным крокам, які сведчыць аб заклапочанасці ЗША з нагоды затрымання Рамана Пратасевіча, беларускага журналіста і крытыка Лукашэнкі", — піша выданне.
23 траўня ў Мінску вымушана сеў самалёт Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. Беларускія авіядыспечары паведамілі пілотам пра бомбу на борце. Да нацыянальнага аэрапорта "Мінск" самалёт ірландскай авіякампаніі суправаджаў беларускі знішчальнік. У аэрапорце з рэйса быў зняты журналіст Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Сафія Сапега. Абодва затрыманыя і абвінавачаныя па крымінальных артыкулах. Заходнія краіны назвалі інцыдэнт тэрарыстычным актам з боку беларускіх уладаў і забаранілі еўрапейскім авіяперавозчыкам лётаць праз паветраную прастору Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.