Мінздароўя лічыць, што сітуацыя ў Беларусі з каранавірусам кантраляваная
Мінздароўя лічыць, што сітуацыя ў Беларусі з каранавірусам кантраляваная. Такую заяву ў пятніцу на брыфінгу зрабіла намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан. Паводле яе слоў, дзякуючы супрацьэпідэмічным мерам, "удаецца не дапусціць лавінападобнага росту захворвання". Агулам ужо выяўлена і ізалявана больш за 30 тысяч 500 чалавек, якія кантактавалі з заражанымі COVID-19. На сённяшні дзень за паловай з іх ужо спынена медыцынскае назіранне. Богдан падкрэслівае, што гэтыя захады дазволілі прадухіліць "сотні новых выпадкаў заражэння".
24 красавіка Мінздароўя агучыла новыя статыстычныя дадзеныя: 8773 выпадкі каранавіруса (за суткі +751, гэта новы сумны рэкорд), памерлі 63 чалавекі (+3), ачунялі і выпісаны 1120 чалавек (+182), за суткі зроблена больш за 8 тысяч тэстаў (у папярэдні дзень — каля 7 тысяч), агулам іх ужо правялі 130,8 тысячы.
"Свядома ідзем на гіпердыягностыку, даабследаванне, каб не ўпусціць ніводнага пацыента, — кажа Алена Богдан. — Таму штодня пашыраем магчымасці тэставання".
Намеснік міністра падкрэсліла, што па распаўсюдзе тэставання на мільён жыхароў наша краіна апярэджвае Польшчу, Нідэрланды, Украіну і Паўднёвую Карэю. "Практычна знаходзімся на ўзроўні развітых еўрапейскіх краін і ЗША", — дадала Богдан.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.