Міраслава Лазоўскага ўзнагародзілі Ордэнам Жалезнага рыцара
Міраслаў Лазоўскі / novychas.online
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла Міраслава Лазоўскага Ордэнам Жалезнага рыцара. Стваральнік "Белага легіёну" ўганараваны ўзнагародай пасмяротна.
Ордэн Жалезнага рыцара заснаваны ў 1949 годзе дэкрэтам Старшыні Рады БНР Мікалая Абрамчыка. Гэта найвышэйшая вайсковая ўзнагарода БНР, якая ўручаецца за выбітнае паспяховае кіраванне войскам ці атрадам, ці за асабісты гераічны вайсковы ўчынак.
Вядома пра шэсць ранейшых узнагароджаных, сярод якіх Міхал Вітушка — адзін з камандыраў беларускіх партызанаў, якія супрацьстаялі савецкім акупантам пасля Другой Сусветнай вайны. Цяпер гэта першае прысуджэнне тытулу кавалера Ордэну Жалезнага рыцара з 1952 года.
17 траўня Лазоўскі загінуў у Бахмуце. Ён удзельнічаў у баявой аперацыі разам з іншымі байцамі Палка імя Каліноўскага. Група трапіла пад расійскі артылерыйскі абстрэл — будынак, у якім знаходзіліся добраахвотнікі, абрынуўся.
Яшчэ адна група была накіраваная для дапамогі раненым і эвакуацыі целаў. Яе камандзір — Міраслаў Лазоўскі — ахвяраваў жыццём, каб выратаваць іншых. Яму было 49 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.