Міс Беларусь-2016 Паліна Барадачова: Па духу блізкая Анджаліна Джолі

Міс Беларусь-2016 Паліна Барадачова: Па духу блізкая Анджаліна Джолі

Самай прыгожай беларускай абралі мінчанку Паліну Барадачову. Журы нацыянальнага конкурсу, які тэлеканал АНТ ладзіць раз на два гады палічыла яе найлепшай сярод фіналістак. Еўрарадыё распытала красунню пра палітычных куміраў, літаратуру, музыку і людзей.

 

Гэта мая першая машына... была б

 

Еўрарадыё: Адразу пасля перамогі вы заявілі, што аддаяце прыз, аўтамабіль, на дабрачыннасць. Куды аддалі?

Паліна Барадачова: Я падарыла машыну Рудзенскай школе-інтэрнату. Гэта карэкцыйна-рэабілітацыйная ўстанова. Я дару не кіраўніку, а дзецям, яны гэта ведаюць. Мяркую, што ўсё будзе выкарыстана мэтава, па патрэбах гэтага інтэрната. Вядома, гэта будзе адсочвацца.

Еўрарадыё: Можа, у вас ужо некалькі машын?

Паліна Барадачова: У мяне ёсць правы, але машыны няма. Але ў хлопца ёсць. Гэта мая першая машына... была б. Крыху шкада, але калі глядзіш на гэтых дзяцей, то і другую такую можна аддаць.

Міс Беларусь-2016 Паліна Барадачова: Па духу блізкая Анджаліна Джолі

Еўрарадыё: А чым вы займаецеся, апроч сферы прыгажосці?

Паліна Барадачова: Я гуляю у гандбол, нас вучыць трэнер нацыянальнай зборнай Валерый Піўніцкі. Мы ездзім таксама з дабрачыннымі місіямі і па дзіцячых дамах, і ў прытулкі для жывёл. Мой любімы пісьменнік — Артур Конан Дойль, таксама люблю Джэрома Дэвіда Селінджэра. У музыцы — R'N'B і рэп. Дома амаль увесь час музыка грае.

 

Алексіевіч гонар нашай нацыі, але я яе не чытала

 

Еўрарадыё: Можа, Святлану Алексіевіч чыталі?

Паліна Барадачова: Яе я не чытала, але я ганаруся такімі людзьмі, я шмат пра яе чула. Гэта гонар нашай нацыі. З беларускіх аўтараў магу сказаць толькі пра тых, хто ў школьнай праграме.

Еўрарадыё: Якія абмежаванні ёсць для пераможцаў конкурсу, кажуць, нават прычоску нельга мяняць.

Паліна Барадачова: Нейкіх жорсткіх абмежаванняў няма. Вядома, калі гэта нешта радыкальнае, валасы, напрыклад, у зялёны колер пафарбаваць — гэта нельга. Пасля конкурсу "Міс свету" можна, відаць, гэта зрабіць. Нейкія абмежаванні цяпер ва ўчынках, у дзеяннях, бо гэтыя некалькі дзён усе на цябе глядзяць. Самае крыўднае, напэўна, гэта абмежаванне на шлюб і на дзяцей.

Еўрарадыё: А былі планы?

Паліна Барадачова: Дзяўчаты усе з дзяцінства, мяркую, нешта такое плануюць. Вядома, былі нейкія мары і планы. Але за два гады гэта нікуды не падзенецца.

Еўрарадыё: Вы вучыліся ў Лінгвістычным універсітэце, будзеце заканчваць?

Паліна Барадачова: Вышэйшая адукацыя — рэч абавязковая. Яна ў мяне будзе. Сёлета з-за конкурсу я прапусціла уступныя іспыты. Хачу знайсці спецыяльнасць па душы. Можа, узнаўлюся ў лінгвістычным. Ёсць некалькі варыянтаў, але я іх пакуль абдумваю толькі.

Міс Беларусь-2016 Паліна Барадачова: Па духу блізкая Анджаліна Джолі

Еўрарадыё: Вы сказалі, што хацелі б сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным, а што б абмяркоўвалі на такой сустрэчы?

Паліна Барадачова: Для мяне гэта быў бы гонар. Я іх вельмі паважаю. Адзін добры прэзідэнт нашай краіны, іншы — добры палітык у Расіі. Калі мне задалі гэтае пытанне, казалі, што міс Германіі хацела сустрэцца з Папам Рымскім. Але мне б хацелася спачатку сустрэцца з прэзідэнтам той краіны, тытул каралевы прыгажосці якой я нашу. З Уладзімірам Пуціным — пасля нашага прэзідэнта.

Еўрарадыё: Адразу сыплюцца прапановы працы?

Паліна Барадачова: За гэтыя два дні, мне падаецца, пранёсся ўжо тыдзень. Праз нейкі час гэта сцішыцца. Мне прапанавалі адкрыць футбольны сезон, быць актрысай у кіно, запрашаюць на фотаздымкі.

Еўрарадыё: А можа, ёсць у вас любімыя акцёры?

Паліна Барадачова: Па духу блізкая Анджаліна Джолі. Яна пасол добрай волі ААН, актыўны дабрачынны дзеяч, прыгожая жанчына, мама і жонка. Яна мне падабаецца не толькі за акцёрскія якасці, але і за чалавечыя.

 

Заплачу, калі нейкая папера прыйдзе. Я не хаваю, што афіцыйна не працую, а закон ёсць закон

Міс Беларусь-2016 Паліна Барадачова: Па духу блізкая Анджаліна Джолі

Еўрарадыё: Пасля вашай перамогі адразу сказалі, што конкурс выйграла нявеста хакеіста, не было крыўдна?

Паліна Барадачова: Нават калі б выйграла нявеста дэпутата, паўсюль бы пра гэта казалі. Калі хлопец публічны чалавек, гэта абмяркоўваецца. Калі чалавек увесь час на публіцы, адразу ўзнікаюць пытанні. Ім не цікава чытаць, якая я, а цікава чытаць нейкія падрабязнасці. Людзі патрабуюць хлеба і відовішчаў, чакаюць падрабязнасцяў, якія пакажуць мяне з горшага боку. Але я на гэта не гляджу.

Еўрарадыё: Чым вы займаліся да конкурсу?

Паліна Барадачова: Тым жа самым. Гуляла ў гандбол, займалася дабрачыннасцю, працавала мадэллю, як фрылансер, афіцыйна не ўладкаваная на працу.

Еўрарадыё: І вас можа закрануць так званы "падатак на беспрацоўе"...

Паліна Барадачова: Заплачу, калі нейкая папера прыйдзе. Я не хаваю, што афіцыйна не працую, а закон ёсць закон.

Еўрарадыё: Ёсць "блакітная" мара ў вас?

Паліна Барадачова: Хачу перамагчы ў конкурсе "Міс свету", бо раз на год жа і палка выстрэльвае, раптам.

Еўрарадыё: Жадаем гэтай перамогі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі