Мітрапаліт Кандрусевіч: Святочная працэсія выходзіць з касцёла, а там — аўтазак
Кіраўнік беларускага Каталіцкага касцёла мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з дакладам у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце (на мерапрыемстве прысутнічалі і супрацоўнікі аддзелаў ідэалагічнай працы выканкамаў). Яго тэкст змешчаны на сайце catholic.by. Мітрапаліт Кандрусевіч гаварыў пераважна пра адносіны рэлігійных арганізацый і беларускай дзяржавы. Ён лічыць, што наспела рэформа дзяржаўна-рэлігійных адносін, ёсць неабходнасць падпісання канкардату.
Таксама кіраўнік беларускага Каталіцкага касцёла спыніўся на пытанні бяспекі падчас святочных масавых набажэнстваў. Ён прызнае, што яна “важная для ўсіх, як Касцёла, так і дзяржавы”. “Аднак сітуацыя, якая ўзнікла сёлета падчас святкавання Вялікадня ў Мінску, зусім не спрыяла настрою галоўнага хрысціянскага свята, — гаворыцца ў дакладзе мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. — Першае, што пабачыла святочная Пасхальная працэсія, выходзячы з катэдральнага касцёла, гэта спецаўтамабіль ля яго ўваходу — так званы “аўтазак”.
Па словах кіраўніка беларускага Каталіцкага касцёла, відавочная прысутнасць спецаўтамабіляў на далейшым шляху працэсіі вернікаў “стварала настрой напружанасці, недаверу да народу, які мірна праслаўляў уваскрослага Хрыста”. Тадэвуш Кандрусевіч перакананы, што дзяржава і касцёл павінны сумесна выпрацаваць план дзеянняў падчас святаў, каб не ўскладняць і не перашкаджаць у правядзенні мерапрыемстваў. І не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Цалкам тэкст даклада гл. тут.