Высветлілася, хто з'яўляецца галоўным праціўнікам закона аб хатнім гвалце
Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Павел у інтэрв’ю TUT.by выказаўся пра сваё стаўленне да законапраекта ад супрацьдзеянні хатняму гвалту. Дакумент актыўна абмяркоўваўся ў мінулым годзе, але ўвосень пасля негатыўнай рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі праца над праектам закона спынілася.
Мітрапаліт Павел выступае катэгарычна супраць такога закона.
“Уважліва чытаючы Біблію, вы зразумееце, што першыя людзі жылі без законаў. Законы сталі з'яўляцца ў пазнейшыя часы, калі стала астываць любоў у сэрцах людзей, калі грэх станавіўся нормай жыцця грамадства. І чым далей чалавецтва сыходзіла ад Бога, тым больш відочна стала: патрэбныя нейкія сродкі, якія маглі б абмежаваць разгул граху і ўсёдазволенасці.
…У законапраекце аб супрацьдзеянні хатняму гвалту былі выяўленыя вельмі сур'ёзныя недахопы, якія і выклікалі непакой не толькі ў вернікаў. Я ўпэўнены, што беларускаму народу гэты закон зусім не патрэбны. Ён прынясе людзям больш шкоды, чым карысці.
У ім больш надаецца ўвагі правам дзяцей, ставячы на задворкі бацькоў і пазбаўляючы іх бацькоўскіх правоў і абавязкаў. А да паўналецця, як вы ведаеце, за дзяцей адказваюць бацькі. Дзіця яшчэ не ведае жыцця і яшчэ, прабачце, не ведае, як зарабляць грошы, а ўжо ведае свае правы і пачынае качаць іх.
Звярніце ўвагу: наша жыццё хтосьці хоча перавярнуць з ног на галаву. Дзякуй Богу, што гэты законапраект адхілілі, і дай Бог, каб ён ніколі не быў прыняты”.
На сайце Еўрарадыё працуюць лічыльнікі, якія паказваюць, колькіх жыццяў і катаванняў каштуе Беларусі кожны год, пакуль улады марудзяць з законам аб хатнім гвалце.