Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі дыскваліфікавала трох беларусаў
МФЛА абвясціла пра дыскваліфікацыю за ўжыванне допінгу больш як 80 спартоўцаў.
У лік дыскваліфікаваных трапілі трое беларусаў, піша "Прессбол". Гэта чэмпіёнка свету і Еўропы ў штурханні ядра, сярэбраная прызёрка Алімпійскіх гульняў у Пекіне Наталля Міхневіч з Мінска, а таксама магілёўцы — малатабоец Андрэй Варанцоў і марафонка Вольга Рэзкая.
31- гадовая Міхневіч не прайшла пазаспаборніцкі тэст у красавіку 2013 года. Яе дыскваліфікацыя будзе доўжыцца да 11 красавіка 2015 года. Нагадаем, у мінулым годзе пажыццёва дыскваліфікаваны муж Наталлі Андрэй Міхневіч — бронзавы прызёр Гульняў у Пекіне ў штурханні ядра.
38-гадовы Варанцоў адлучаны ад спорту пажыццёва. У 2013 годзе ён не прайшоў пазаспаборніцкі допінг-тэст. А крыху раней спартовец быў пакараны за станоўчую пробу, здадзеную на чэмпіянаце свету-2005 і пераправераную праз 7 гадоў.
27-гадовая Рэзкая дыскваліфікаваная на 2 гады. У яе ўзялі спробу на марафоне ў Познані (Польшча) 13 кастрычніка 2013 г.
У ліку пакараных адразу 30 турэцкіх лёгкаатлетаў. Сярод іх ёсць удзельнікі каманднага чэмпіянату кантынента-2013, на якім зборная Турцыі апярэдзіла каманду Беларусі і выцесніла яе з суперлігі.
Фота — odsgomel.org