“Мне нават здалося, што ён хоча, каб я пабачыла смс пра бомбу ў метро”

Мінскае метро перакрылі сёлета 26 лютага з-за магчымай тэрарыстычнай пагрозы. Паведамлялася, што пільная студэнтка прачытала падазронае смс у тэлефоне аднаго з пасажыраў.

Метрапалітэн паралізавала на некалькі гадзін, а страты з-за гэтага ацанілі ў сотні мільёнаў рублёў. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле “Загадзя лжывае паведамленне аб небяспецы”. Затрыманы 35-гадовы ўраджэнец Казахстана, які пражывае ў Смалявічах і працуе слесарам на мінскім заводзе. Учынак ён патлумачыў жаданнем разыграць сваю дзяўчыну.

Студэнтка Алена Мацкела, якая заўважыла, як мужчына набірае падазронае смс, сітуацыю не каментавала. Таму выпраўляемся наўпрост да яе ва ўніверсітэт і знаёмімся проста ў калідоры навучальнай установы.

“Скажыце, ці сапраўды чалавек набіраў эсэмэску пра бомбу?” ― цікавімся ў дзяўчыны.

Алена Мацкела: Натуральна. Я ехала ў метро, было прыкладна 11.30. Ну і падсеў да мяне мужчына, быў справа ад мяне. Утаропіўся ў свой смартфон. Я слухала музыку і, як гэта бывае ў метро, кінула позірк на яго тэлефон. І пабачыла эсэмску “У мяне бомба”. І неяк страшна мне зрабілася.

Еўрарадыё: У пасажыра быў смартфон? Якой маркі?

Алена Мацкела: Я не звярнула ўвагі на фірму. Але ён нічога не хаваў. Экран свяціўся, ён проста сядзеў і набіраў эсэмэску. Мне нават здалося, што ён наўмысна хоча, каб я звярнула ўвагу. Пачала я далей чытаць. Піша: “Я ў метро”. Пры гэтым ужо пачаў азірацца. Мяне яшчэ большы страх узяў.

Далей піша: “Дзе ўзарваць?” Уяўляеце! І піша далей: “Код актываваны”. Мы якраз пад’язджалі да “Кастрычніцкай”. У мяне ўсе гэтыя падзеі ў галаве ― выбух 2011 года. Страшна было. Я тады паднялася. Стаю, трымаюся за парэнчы, рукі мокрыя, сэрца калоціцца. Ужо ведала, што пайду пра гэта паведамляць, бо мне стала вельмі боязна і за сябе, і за людзей навокал. Таму паспрабавала запомніць, у чым ён быў апрануты. Ну і ўсё. Я выйшла, расказала ўсё ахоўніку з метрапалітэна. Той адразу пазваніў міліцыянеру, які тут жа прыбег. Потым у пакой міліцыянера прыбегла шмат людзей са спецслужбаў. І пачалося…

Еўрарадыё: Многія на вашым месцы акалелі б ад жаху…

Алена Мацкела: Бачыла сябе потым па відэа: стаю, запамінаю яго вопратку, уся хістаюся. Але што было рабіць? Калі б нешта здарылася, я б сабе ніколі не даравала тое, што ведала і не сказала нікому. Думала ў той момант: а раптам ён у сябе дзесьці націсне на пімпачку…

Еўрарадыё: Якое ўражанне ў вас склалася? Ці сапраўды чалавек рыхтаваў у метро выбух? А, можа, у яго была нейкая нездаровая фантазія?

Алена Мацкела: Не ведаю нічога наконт бомбы. У яго была сумка ад ноўтбука і пакет.

Еўрарадыё: У вас раней ніколі не было ў жыцці такіх экстрэмальных сітуацый?

Алена Мацкела: Былі. Я сама не з Мінска, таму здымаю тут кватэру. Ехала дадому ў аўтобусе №1, было каля 12-й ночы. І ў салоне сядзелі хлопчыкі, не нашай знешнасці, чатыры чалавекі. І да іх нейкія прычапіліся, напэўна, неанацысты. І калі гэтыя нядобразычліўцы выходзілі з аўтобуса непадалёк ад крамы “Суседзі”, то дасталі пісталет і ў адчыненыя дзверы стрэлаў пяць зрабілі. Была кроў, трапілі і ў шчаку, і ў руку, і ў лоб. Ну вось. Потым мяне выклікалі ў міліцыю, паказвалі фотаздымкі, каб я апазнала нападнікаў.

Еўрарадыё: З вамі пасля здарэння ў метро працаваў псіхолаг? Ці спакойна вы сёння спіце?

Алена Мацкела: Спачатку, калі я пра гэта ўзгадвала, то сэрца калацілася. Але ўжо ўсё нармальна.

Еўрарадыё: Вас неяк узнагародзілі пасля гэтай гісторыі?

Алена Мацкела: Так, мяне запрасілі на канцэрт на “Дзень міліцыі”. І грамату, і кветкі, і гадзіннік падарылі.

Еўрарадыё: Ведаю, што вы вучыцеся на псіхолага. Дзе плануеце працаваць?

Алена Мацкела: Калі здарылася гэта сітуацыя, то мяне зацікавіла праца ў праваахоўных органах. Магчыма, я б туды і пайшла. А можа быць, буду працаваць цывільным псіхолагам, каб мець зносіны з рознымі людзьмі, даведвацца пра іх.

Еўрарадыё: Ці былі вы ў нейкіх арганізацыях у падлеткавым узросце? Скажам, у БРСМ?

Алена Мацкела: Была, натуральна.

Еўрарадыё: Як лічыце, на вашу маральную ўстойлівасць гэта нейкім чынам паўплывала?

Алена Мацкела: Я мяркую, не. Сям’я ў мяне таксама самая звычайная, толькі брат баксёр. Проста ў мяне ў самой такі прынцып: рабі добрае, каб у адказ таксама атрымаць дабро.

***

Тым часам следства па справе “эсэмэскі ў метро” працягваецца. Нейкую новую інфармацыю Следчы камітэт пакуль не паведамляе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі