“Мотальскія прысмакі” сёлета зрабілі кашэрнымі
На кулінарным фэсце ў Моталі вучылі гатаваць габрэйскія стравы.
Майстар-клас давалі знакаміты шэф-повар з Ізраілю Заімі Шрайбэр і прадстаўнікі суполкі Беларускіх кухараў.
Ізраільскі госць паказаў, якія традыцыйныя кашэрныя стравы раней на Мотальшчыне гатавалі габрэі, а менавіта: паштэт з пячонкі, фаршмак з селядца з адварным яйкам і яблыкам, суп з гародніны з дадаткам курынага смальцу, чолнт — мясная страва, падобная да гуляшу, цымес — салодкая морква з дадаткам вялікай колькасці тлушчу і, натуральна, кампот з сухой садавіны.
Але ж асноўнай тэмай фестывалю ўсё ж былі старабеларускія аўтэнтычныя стравы. Беларускія кухары гатавалі верашчаку — вараныя ў піве белыя каўбаскі з вэнджанай грудзінкай, цыбуляй і густой поліўкай і лазанкі — простакутныя кавалачкі з адварнога сушанага цеста, якія падаюцца з рознымі соўсамі і начынкамі. Гэтыя стравы вядомыя на Беларусі з XVII-XVIII стагоддзяў.
Цікава, што свае прэзентацыі кухары рабілі ў звычайнай школьнай сталоўцы. Нажаль, сфатаграфаваць гатовыя стравы не атрымалася — прысутныя гледачы так хутка размяталі прыгатаваную ежу, што журналіст Еўрарадыё не паспеў скарыстацца фотаапаратам.
Праўда, верашчакай і фаршмакам з чолнтам пачаставаўся.