МУС Беларусі прапанавала Нацбанку палепшыць бяспеку інтэрнэт-плацяжоў
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прапанавала Нацыянальнаму банку палепшыць бяспеку інтэрнэт-плацяжоў. Сёлета праваахоўнікі адзначаюць павелічэнне колькасці крадзяжоў грошай з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі. У студзені-траўні 2018-га такіх злачынстваў было 1348. Гэта на амаль 90% больш, чым за пяць першых месяцаў мінулага года. МУС звяртае ўвагу, што стала больш выпадкаў, калі зламыснікі выкарыстоўваюць "скампраметаваныя рэквізіты банкаўскіх плацёжных картак".
Паводле праваахоўнікаў, на сітуацыю ўплываюць даверлівасць беларусаў, адсутнасць у іх ведаў пра спосабы абароны падчас здзяйснення інтэрнэт-плацяжоў. Намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС Уладзімір Зайцаў кажа, што неабходна інфармаваць людзей пра неабходнасць захавання ў таямніцы плацёжных рэквізітаў. Ім трэба прапаноўваць выкарыстоўваць тэхналогіі бяспекі для інтэрнэт-плацяжоў.
МУС чакае, што Нацбанк адрэагуе на яго прапанову распрацаваць абавязковыя тэхнічныя патрабаванні па выкарыстанні тэхналогій бяспекі ўсімі банкамі краіны.