МУС не праводзіць праверку па факце пагроз Святлане Ціханоўскай
МУС не праводзіць праверку пагроз на адрас прэтэндэнткі на пасаду прэзідэнта Святланы Ціханоўскай.
"Магу паведаміць, што ў органы ўнутраных спраў зваротаў ад грамадзянкі Ціханоўскай наконт ананімных тэлефонных пагроз не паступала. І калі будзе пададзена заява непасрэдна ад яе, то, вядома, будуць праведзеныя ўсе адпаведныя праверкі ў рамках дзеючага заканадаўства", — патлумачыла парталу TUT.by прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.
Паводле яе слоў, МУС не пачынае праверку без непасрэднага звароту, толькі на падставе інфармацыі ў СМІ або ў інтэрнэце. Чамаданава кажа, што Ціханоўская сама мусіць звярнуцца ў органы ўнутраных спраў.
Між тым артыкул 166 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса сцвярджае, што падставамі для пачатку крымінальнай справы з'яўляюцца:
заявы грамадзян;
яўка з павіннай;
паведамленне службовых асоб дзяржаўных органаў, іншых арганізацый;
паведамленне аб злачынстве ў сродках масавай інфармацыі;
непасрэднае выяўленне органам крымінальнага пераследу звестак, якія паказваюць на прыкметы злачынства.
16 чэрвеня Святлана Ціханоўская заявіла, што атрымала пагрозы на свой адрас і адрас сваіх дзяцей. Пагрозы былі звязаныя з яе дзейнасцю падчас прэзідэнцкай кампаніі. Звесткі пра гэтыя пагрозы былі апублікаваныя ў шэрагу СМІ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.