МУС прапануе знізіць парог тэрмінаў па так званым "наркаманскім" артыкуле
Фота: promova.net
У Палату прадстаўнікоў паступіў праект закона "Аб зменах некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь". Між іншага, у ім закладзеныя змены ў "наркаманскі" артыкул 328 Крымінальнага кодэкса.
Як Еўрарадыё даведалася ў прэс-службе парламента, у меншы бок плануецца змяніць парог тэрмінаў зняволення, прадугледжаных другой і трэцяй часткамі артыкула 328. Таксама ва ўсіх частках канфіскацыю маёмасці плануецца замяніць штрафам.
Зараз самае меншае пакаранне, якое прадугледжвае ч.2 артыкула 328 – тая, што "з мэтай збыту" – пяць гадоў пазбаўлення волі. Яго плануецца зменшыць да трох гадоў. Пры гэтым максімальны тэрмін плануецца пакінуць без зменаў – восем гадоў пазбаўлення волі.
Па ч.3 артыкула 328 (у складзе якога згадваецца група асобаў, службовая асоба, паўторнае здзяйсненне злачынства, асабліва небяспечныя наркотыкі, непаўналетнія спажыўцы, а таксама адукацыйныя і іншыя ўстановы збыт наркотыкаў у якіх лічыцца абцяжарваючымі абставінамі) мінімальны тэрмін зняволення плануецца зменшыць з васьмі да шасці гадоў. Сёння за такія злачынствы караюць тэрмінам ад васьмі да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Неўзабаве праект закона будзе абмяркоўваць профільная дэпутацкая камісія, пасля ён будзе вынесены на слуханні ў Авальнай зале.
У пачатку траўня Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся са старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам заявіў, што нельга паслабляць адказнасць у дачыненні да распаўсюджвальнікаў наркотыкаў.
Заўважым, што ў 2017 годзе ўсяго 15% асуджаных атрымалі мінімальны тэрмін па частцы 2-4 артыкула 328 КК. А амаль 35% асуджаныя на тэрмін звыш дзесяці гадоў.