МУС спрабуе зарабіць, выкарыстоўвае тэракт у "Крокус Сіці холе" — BelPol
Міліцыя, ілюстрацыйнае фота
МУС Беларусі спрабуе зарабіць, выкарыстоўваючы тэракт у падмаскоўным "Крокус Сіці холе". Пра гэта заяўляе арганізацыя былых сілавікоў BelPol са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Па іх звестках, прадстаўнікі сілавога ведамства масава рассылаюць па ўстановах і арганізацыях прадпісанні пра неабходнасць правесці гутаркі ў калектывах наконт прадухілення надзвычайнага здарэння. Таксама ведамства настойвае на заключэнні дамоваў з падраздзяленнямі Дэпартамента аховы МУС, абсталяванні ўваходаў у будынкі металадэтэктарамі, сістэматычным інфармаванні насельніцтва праз гучнагаварыцельную сувязь аб правілах бяспечных паводзін на аб'ектах. Адпаведнае распараджэнне, як паведамляецца выдаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.
Міліцыянты спасылаюцца на тое, што ў Беларусі нібыта існуюць "пагрозы здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у месцах масавага знаходжання грамадзян — на канцэртах і спартыўных пляцоўках, у гандлёвых цэнтрах, на рынках, аб'ектах грамадскага харчавання, установах адукацыі, што патрабуе прыняцця дадатковых папераджальных мер".
Прадстаўнікі BelPol мяркуюць, што сілавое ведамства такім чынам імкнецца падстрахавацца на выпадак якіх-небудзь здарэнняў, а таксама "стварыць масавы псіхоз на фоне расійскіх падзей і зарабіць на гэтым як іміджава, займеўшы вобраз абаронцы, так і фінансава — павысіць выручку Дэпартамента аховы МУС".
Тэракт у падмаскоўным клубе адбыўся 22 сакавіка. У выніку страляніны і пажару ў будынку загінулі не як мінімум 144 чалавекі, пацярпела не менш за 500.
Сярод загінулых было трое беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.