МУС: Стала болей замежнікаў, якія просяць статусу бежанцаў у Беларусі

МУС: Стала болей замежнікаў, якія просяць статусу бежанцаў у Беларусі

Існуе тэндэнцыя да павелічэння колькасці замежных грамадзян, якія просяць у Беларусі статус бежанцаў. Пра гэта паведаміў намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Мельчанка на сустрэчы з прадстаўніком Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь Жанам Івам Бушардзі. Сустрэча адбылася ў Мінску 13 верасня.

Як паведамляе прэс-служба МУС, Бушардзі адзначыў высокі ўзровень супрацоўніцтва з праваахоўным ведамствам, а таксама добрую арганізацыю працы міністэрства па аказанні дапамогі грамадзянам Украіны ў 2014-2015 гадах.

Таксама Бушардзі закрануў праблему асобаў без грамадзянства і паведаміў, што з канца 2014 года Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў праводзіць дзесяцігадовую кампанію па ліквідацыю такой з’явы. У Беларусі праца ў гэтым кірунку арганізаваная з 2008 года.

У 2017-2018 гадах запланаваны аналіз беларускага заканадаўства на адпаведнасць Канвенцыі аб статусе апатрыдаў 1954 года і Канвенцыі аб скарачэнні безграмадзянства 1961 года. Па выніках аналізу будзе разглядацца пытанне аб далучэнні Беларусі да гэтых міжнародных дамоваў.

Прадстаўнікі МУС таксама паінфармавалі Жана Іва Бушардзі аб захадах па прывядзенні нарматыўных прававых актаў, якія тычацца вымушанай міграцыі, у адпаведнасць з законам ад 20 ліпеня 2016 года “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях вымушанай міграцыі”.

Нагадаем, што ў 2015 годзе ў органы ўнутраных справаў Беларусі звярнуліся 1227 асобаў з хадайніцтвамі аб дадатковай абароне і статусе бежанца. Каля 75% з іх склалі грамадзяне Украіны. Чакаецца, што сёлета будзе прыкладна 1200 такіх зваротаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі