МУС: Замежнікам дазволяць не рэгістравацца ў Беларусі да 10 дзён
Замежнікі, якія легальна прыбылі ў Беларусь у рамках пяцідзённай бязвізавай паездкі, могуць цяпер законна заставацца ў нашай краіне 30 дзён. Пра гэта заявіў начальнік аддзела міграцыі Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Вадзім Забаронак на прэс-канферэнцыі 25 ліпеня, паведамляе прэс-служба МУС.
Як вядома, напярэдадні кіраўнік Беларусі падпісаў указ, які павялічвае тэрмін бязвізавага знаходжання замежнікаў у Беларусі з 5 да 30 дзён.
Забаронак звярнуў увагу, што цяпер замежнікі абавязаныя на працягу пяці сутак (за выключэннем нядзеляў, дзяржаўных святаў i святочных дзён) зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па месцы фактычнага часовага знаходжання.
Тым часам МУС падрыхтавала законапраект, які дазваляе замежнікам быць у Беларусі без рэгістрацыі да 10 сутак. А замежнікі, якія пражываюць у гатэлях, санаторыях, аздараўленчых арганізацыях, аграсядзібах будуць зусім вызваленыя ад рэгістрацыі.
Акрамя таго, плануецца, што замежнікі, якія пражываюць па прыватных адрасах, змогуцб зарэгістравацца праз адзіны партал электронных паслуг без наведвання падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі. Мяркуецца, што такая рэгістрацыя будзе бясплатнай.